• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • За дыпломам у блакітнавокую. Ці стане больш замежных студэнтаў у Беларусі?

    Урад плануе актыўна прасоўваць беларускую адукацыю на сусветным рынку. Намер добры, але крыху запознены: зрабіць трэба шмат і хутка.

    На сёння ў Беларусі навучаецца каля 18 тыс. замежных студэнтаў з болей, чым 80 краінаў. У 2014 годзе краіна зарабіла на іх каля $ 73 млн.  Гэта няшмат і, па словах міністра адукацыі Міхала Жураўкова, дзяржава плануе павялічыць гэтую лічбу (і студэнтаў, і грошаў) у паўтара раза цягам наступных трох гадоў.

    Дзеля гэтага Міністэрства адукацыі плануе стварыць адмысловую ўстанову, якая будзе займацца прасоўваннем паслуг беларускіх вучэльняў на сусветным рынку. Як яна будзе працаваць, хто яе ўзначаліць і дзе яна будзе знаходзіцца – пакуль невядома.

    Вядомыя толькі напрамкі дзейнасці і пытанні для вырашэння, якія ўжо даўно былі агучаныя як беларускімі экспертамі, так і самімі замежнымі студэнтамі.

    Канцэнтрацыя на перспектыўных галінах. Беларусі цяжка канкураваць з заходнімі ўніверсітэтамі ў галіне, напрыклад, эканомікі. Магчыма, і вучаць у нас нядрэнна, але таленавіты студэнт усё роўна будзе марыць пра Гарвард ці INSEAD. Аднак, тыя ж матэматычныя дысцыпліны (аснова для ІТ-адукацыі) ці медыцына досыць канкурэнтаздольныя на сусветным рынку і менавіта на іх развіцці трэба засяродзіцца агенцтву, якое ствараецца.

    Права на працу. Шмат якія краіны, у тым ліку Германія і Вялікабрытанія, даюць замежным студэнтам абмежаваны дазвол на працу. Звычайна гэта не больш, чым 20 гадзінаў на тыдзень. Лічба невялікая, каб істотна паўплываць на рынак працы, аднак дастатковая для таго, каб студэнты маглі атрымаць не толькі тэарэтычныя веды, але і практычны досвед у сваёй галіне. Адначасова беларускі бізнес мог бы скарыстацца з досыць адукаванага і дастаткова таннага персаналу.

    Навучанне на англійскай мове. Падчас свайго візіту ў Мінск прэзідэнт Індыі трапна заўважыў, што “іншаземныя студэнты не маюць раскошы марнаваць цэлы год на вывучэнне рускай мовы”. Высокі госць, сапраўды, мае рацыю. Беларускім універсітэтам трэба як мага хутчэй стварыць паўнавартасныя навучальныя праграмы выключна на англійскай мове.

    Мінадукацыі ўжо робіць нешта ў гэтай галіне. Напрыклад, яно паінфармавала, што выкладчыкам, якія чытаюць свае курсы на англійскай мове, падымаюць зарплату амаль у тры разы. Але гэта толькі адзін крок, сам працэс ідзе вельмі марудна і яго неабходна паскорыць.

    Кола “Сяброў Беларусі”. Арганізацыі алюмнаў (ці па-нашаму выпускнікоў) насамрэч даволі ўплывовыя арганізацыі. Многія краіны клічуць іншаземных выпускнікоў сваіх ВНУ “другой дыяспарай”, бо яны не губляюць цікаўнасці да месца, дзе атрымалі “пуцёўку ў жыццё”. Варта ўзгадаць В’етнам, дзе вялікая колькасць выпускнікоў беларускіх ВНУ зрабіла добрую кар’еру ў бізнесе ці на дзяржаўнай службе. Прыкладам можа быць рэктар Дзяржаўнага Тэхнічнага Універсітэта Фам Тхе Лонг – выпускнік факультэта прыкладной матэматыкі БДУ – ці старшыня рады дырэктараў кампаніі Fintec Нгуен Хонг Цьыонг, які ў свой час скончыў фізфак БДУ.

    Такія людзі дагэтуль маюць цёплыя пачуцці да краіны, у якой правялі частку сваёй маладосці, і гэта добрая база для далейшых кантактаў. Таму падтрымка дачыненняў з выпускнікамі павінна стаць адной з асноўных задач агенцтва, тым больш, што, маючы доступ да неабходнай інфармацыі, усё гэта можна зрабіць даволі хутка.

    Прызнанне дыпломаў. Гэтая праблема досыць важная, найперш для рэгіянальных універсітэтаў другой дзясяткі. Напрыклад, NARIC (National Recognition Information Centre), установа, якая адказвае за прызнанне замежных дыпломаў у Вялікабрытаніі, пакуль што робіць гэта толькі для некаторых беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі: БДУ. БДУІР, БНТУ і шэрагу медычных універсітэтаў. Далучэнне да Балонскага працэсу, магчыма, вырашыць гэтую праблему, але і тут трэба задзейнічаць прафесійных чыноўнікаў, каб паскорыць вырашэнне гэтага пытання.

    Сеткі агенцкіх кампаній. Кампаніі, якія прапануюць паслугі ў запрашэнні студэнтаў у Беларусь, ужо існуюць і працуюць досыць актыўна. Аднак, агульная каардынацыя іх дзейнасці не перашкодзіла б. Галоўнае ў гэтай справе зрабіць іх не канкурэнтамі новай установы, а партнёрамі. Прыкладам можа стаць праца агенцтва British Council, якое зарабляе грошы не на продажах непасрэдна паслуг адукацыі, а на акрэдытацыі ўстаноў-партнёраў.

    Калі гэтая новая арганізацыя хаця б часткова выканае сваю задачу і зможа істотна павялічыць колькасць замежных студэнтаў, гэта паўплывае на беларускую адукацыю і ўвогуле на Беларусь нашмат болей, чым усе захады, якія патрабуе ад нас “Балоння”.  Гэта надасць краіне гэтак неабходны ёй дынамізм, пазнаёміць з новымі культурамі і стылямі жыцця, адкрые яе для свету.

    Рэалізацыя ўсіх гэтых планаў таксама дазволіць затрымаць адток таленавітых беларусаў за мяжу. Шмат з тых, хто паехаў вучыцца за мяжу, зрабілі гэта праз тое, што “інтэрнацыяналізацыя” беларускіх ВНУ занадта нізкая. А без гэтага цяжка рабіць кар’еру ў шматнацыянальных карпарацыях, у якіх хацелася б працаваць шмат якім студэнтам-беларусам.

    Калі справа пойдзе добра, адукацыя ў Беларусі можа быць добрым і прыбытковым бізнесам. Калі падзяліць прыведзеныя вышэй $ 73 млн на колькасць замежных студэнтаў, то відаць, што Беларусь зарабіла на адным навучэнцы каля $ 4 тыс. Цалкам рэальна хутка павялічыць гэтую колькасць у 10 разоў і зарабіць $ 730 млн. Гэта болей, чым прыбытак ад экспарту прадукцыі нашых машынабудаўнічых гігантаў. Грошы, пра якія варта падумаць.

    ПаказацьСхаваць каментары