• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Грыбаўскайце застаецца з літоўцамі

    Прэзідэнт краіны падцвердзіла сваё лідарства, хоць і не здолела перамагчы ў першым туры.

    11 траўня Літва праводзіла першы тур прэзідэнцкіх выбараў. Галоўная барацьба разгарнулася паміж дзеючай прэзідэнткай Даляй Грыбаўскайце і сацыял-дэмакратам Зігмантасам Бальчыцісам. Гэтыя кандыдаты і выйшлі ў другі тур, які адбудзецца 25 траўня.

    Хоць ЦВК зарэгістравала сем чалавек, палітычная барацьба была нецікавай. «Я нідзе ў свеце не бачыў такой сумнай перадвыбарчай кампаніі» – менавіта так ахарактарызаваў усю гонку былы прэзідэнт краіны Валдас Адамкус. На невысокую яўку, а прагаласавала крыху больш за 50%, не здолелі паўплываць ні абвастрэнне знешнепалітычнай сітуацыі, ні рэкордна вялікі ўзровень датэрміновага галасавання. У Літве ён склаў ажно 6% выбарцаў. Аднак прычыны, чаму людзі праігнаравалі выбары, вядомыя.

    Пасля развалу СССР, што характэрна і для большасці краін былога саюза, ва ўладзе засталіся людзі з камуністычнага мінулага. Гэтак, амаль усе кандыдаты паходзяць з савецкай наменклатуры. Палітычнаму полю Літвы не хапае яскравай асобы, якая магла б ажывіць выбарчую кампанію.

    Нягледзячы на перамогу ў першым туры, вынік Далі Грыбаўскайце не выглядае такім пераканаўчым. Калі на мінулых выбарах за яе прагаласавала амаль 70% жыхароў краіны, то цяпер гэта лічба амаль удвая меншая – 46%.

    На рэйтынг «Жалезнай лэдзі», як яна сябе пазіцыянуе, паўплываў сусветны эканамічны крызіс. Калі Даля прыйшла ва ўладу, беспрацоўе сярод моладзі дасягала амаль 35%, а за час кіравання Грыбаўскайце з краіны з’ехала больш за 170 000 грамадзян. Хоць прэзідэнтка і дэкларуе празрыстасць і барацьбу з папулізмам, сама часта звярталася з гучнымі і неабгрунтаванымі заявамі. Яскравым прыкладам можа быць апошняя прамова пра поўнае аднаўленне эканомікі, пры тым, што заробкі бюджэтнікаў так і не вярнуліся да перадкрызіснага ўзроўню.

    У Літве, як і ў Беларусі, падзенне папулярнасці прэзідэнта, аўтаматычна не выклікае росту папулярнасці апанентаў. Прэм’ер-міністр Буткявічус, другі па папулярнасці палітык, вырашыў адмовіцца ад удзелу ў выбарах. Кіраўнік ураду публічна выказаў падтрымку аднапартыйцу Зігмантусу Бальчыцісу, які ў выніку атрымаў 14% галасоў.

    Выбары замацавалі абраны курс развіцця краіны. Заціснутая паміж Расеяй і Польшчай, Літва працягвае паступова нівеліраваць як унутраныя – пытанні рускіх і польскіх меншасцяў, – так і знешнія праблемы.

    Пад кіраўніцтвам Далі Грыбаўскайце краіна імкнецца праводзіць актыўную еўраінтэграцыйную палітыку. Ужо з наступнага года, нягледзячы на спазненне і сумнеўную карысць, на змену літу прыйдзе еўра. Цягам 2014 году будзе прынятае канчатковае рашэнне адносна будоўлі Вісагінскай АЭС. У гэтым пытанні Літва патрабуе падтрымкі астатніх краін Балтыі –  Латвіі ды Эстоніі. У супрацоўніцтве з імі, Літва таксама спрабуе стварыць адзінага чыгуначнага аператара Rail Baltica і максімальна выкарыстаць сінэргіцыйны патэнцыял Балтыйскага рэгіёну.

    Правал жа саміту Ўсходняга партнёрства ў Вільні не пахіснуў намер Літвы стварыць «кола дэмакратый» вакол Расеі.  Акрамя палітычнага Ўсходняга партнёрства, Літва прымае крокі, што гарантуюць ёй эканамічную бяспеку. Самым балючым пытаннем застаецца імпарт газу. Дзеля вырашэння гэтай праблемы ўжо ў гэтым годзе пачне працаваць тэрмінал па прыёме звадкаванага газу. Гэта наўрад ці дазволіць Літве купляць таннейшы газ, але прынамсі дыверсіфікуе пастаўкі.

    Стасункі з Беларуссю заўсёды былі вельмі істотнымі для літоўцаў. Даля Грыбаўскайце ў часе свайго першага тэрміну спрабавала наладзіць добры кантакт з беларускімі ўладамі і працягне гэта рабіць. Гэта прынясе як эканамічную карысць, так і падвысіць палітычную вагу краіны як медыятара ў дыялогу з аўтарытарным рэжымам Беларусі.

    Наша ж краіна апынулася ў цэнтры інтэграцыйнай барацьбы. І хоць расейскі Еўразійскі Саюз і еўрапейскае Ўсходняе партнёрсва выглядаюць у тупіку, інтэграцыйны рух наўрад ці запаволіцца. У такой сітуацыі Літва можа пераўтварыцца у надзейнага абаронцу нашых эканамічных інтарэсаў на Захадзе, а таксама фасілітатара палітычнага дыялогу з ЕЗ.

    Аўтар выказвае падзяку праекту “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка” за магчымасць удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах у Літве ў якасці міжнароднага назіральніка.

    ПаказацьСхаваць каментары