• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Як інстытуты Eўразійскага Cаюзу засталіся бяссільнымі

    За тры тыдні функцыянавання ЕАЭС партнёры паспелі парушыць нядаўна падпісаныя пагадненні. Справа не толькі ў эканамічных праблемах, але ва ўнутранай арганізацыі саюза.

    1 студзеня, калі Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС) уступіў у сілу, на беларускім КПП “Чырвоная горка” на мяжы з Расіяй зноў запрацавалі мытнікі. Замест пераходу ад мытнага да эканамічнага саюзу, партнёры адкаціліся на ўзровень ніжэй.

    Пэўна не пра такі саюз казаў Нарсултан Назарбаеў, які першым выступіў з прапановай аб стварэнні ўсходняга аналага Еўрасаюзу ці Ўладзімір Пуцін, які на старонках “Известий” прапаноўваў выкарыстоўваючы вопыт ЕС, рэалізаваць падобны праект у постсавецкіх краінах. Але замест стварэння свайго ЕС, Беларусь, Казахстан і Расея стварылі саюз, які нездольны дыпламатыча вырашаць праблемы.

    Шмат было напісана пра праблемы, звязаныя з падзеннем курсу рубля і імпартам праз Беларусь і Казахстан забароненых Расіяй прадуктаў. Аднак, чаму ўсе гэтыя пытанні не вырашаюцца шляхам перамоваў у ЕАЭС?

    У Еўрасаюзе 28 краін і яны галасуюць адным голасам у Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА), прымаць разам санкцыі і забяспечваць функцянаванне адзінага ўнутранага рынку. Чаму ж тады толькі тры краіны-удзельніцы ЕАЭС не могуць дамовіцца пра базісныя рэчы? Падаецца, што справа не толькі ў эканамічных праблемах ці палітычных канфліктах, але і ў самой унутранай арганізацыі саюза.

    Фальстарт Саюза

    Мытны Саюз Беларусі, Казахстана і Расіі быў завершаны за рэкордныя тры гады. Еўрасаюз, напрыклад, будаваў мытны саюз 11 гадоў, а ўнутраны рынак больш за 35.

    Іншая анамалія – Беларусь і Казахстан пагадзіліся на будаўніцтва мытнага саюза з улікам нормаў СГА, не з’яўляючыся яе ўдзельніцамі. Сусветная гандлёвая арганіўацыя прадугледжвае паступовае змяншэнне агульнага знешняга тарыфу. Што неспрыяльна для Беларусі і Казахстана, бо замежная прадукцыя паступае на наш рынак пасля аплаты ніжэйшага тарыфа за той, што павінны заплаціць нашы вытворцы пры экспарце на замежны рынак.

    Такім чынам, лагічна было б дачакацца ўступлення Беларусі і Казахстана ў СГА, а потым будаваць мытны саюз. Аднак Расіі не было калі чакаць, бо Крэмль хацеў перахапіць Украіну да перамоваў аб асацыяцыі з Еўрасаюзам.

    Нямоглая эканамічная камісія

    Еўразійскую эканамічную камісію, што ўключае Савет камісіі і Калегію, можна параўнаць са звычайным урадам, але яе дзейнасць можна блакаваць з усіх бакоў.  Так па запыце адной з  краін любое рашэнне Калегіі Камісіі можа быць адменена або зменена Саветам камісіі, ці Вышэйшай еўразійскай эканамічнай радай.

    Такім чынам кожная краіна-удзельніца можа заблакаваць любое рашэнне камісіі, прынятае на ўзроўні ніжэй. Таму Еўразійскай эканамічнай камісіі цяжка прыняць свае ўласныя акты у адрозненні ад яе еўрапейскага аналага, які валодае заканадаўчай ініцыятывай і выступае гарантам права Еўрасаюзу. Гэта сведчыць пра негатоўнасць да паўнавартаснай інтэграцыі з перадачай паўнамоцтваў на наднацыянальны ўзровень і недастатковым даверы партнёраў па саюзе.

    Падобную лінію праводзіў дэ Голь у Савеце міністраў, калі быў незадаволены еўрапейскай аграрнай палітыкай у пачатку 60-ых. Дадзеная палітыка ўвайшла ў гісторыю пад назвай “крызіс пустога крэсла” і значна тармазіла еўрапейскую інтэграцыю.

    Суд ЕАЭС – калі адкрытасць гэта дрэнна

    У адрозненні ад Суда Еўрасаюзу і Еўрапейскага суда па правах чалавека галасаванне ў судзе ЕАЭС адкрытае. Праводзіцца яно шляхам пайменнага апытання суддзяў. Што можа прывесці да рызыкі ціску на суддзяў у выпадку спрэчак з эканамічнай зацікаўленасцю адной са старон.

    Да таго ж судзі прызначаюцца і здымаюцца з пасады па ракамендацыі краін-удзельніц. Вядома, гэта таксама не павышае зацікаўленасць судзяў служыць на блага Саюзу, а не краіне, што прызначыла на пасаду. Адкрыты і празрысты суд – гэта добра ў рамках дзяржавы, але не ў рамках міжрэгіянальнага аб’яднання, дзе незалежнасць суддзяў можа быць пастаўлена пад сумнеў.

    Як знік парламент

    Еўразійскі эканамічны саюз застаўся без парламента – Міжпарламенцкая Асамблея ЕўрАзЭС спыніла сваю дзейнасць, а дамова аб ЕАЭС не прадугледжвае стварэнне падобнай структуры. Нягледзячы на ўсе ўгаворы Расіі, Казахстан і Беларусь не пагадзіліся на паўстанне парламента накшталт еўрапеўскага.

    Расія будуе палітычны саюз, а Казахстан і Беларусь зацікаўлены толькі ў эканамічным супрацоўніцтве. Таму робіцца усё магчымае, каб пазбегнуць абмежавання суверэнітэту і перадачы заканадаўчых паўнамоцтваў на наднацыянальны ўзровень. Аднак, не выключана, што да гэтага пытання краіны-ўдзельніцы прыйдуць паступова.

    Дарэчы, Еўрасаюз таксама папракалі ў дэфіцыце дэмакратыі. Аж да 1979 члены Еўрапейскага парламента прызначаліся зверху і іх меркаванне пры прыняцці рашэнняў не мела ніякага значэння. Савет міністраў толькі фармальна кансультаваўся з Парламентам. Усё змянілася з Маастрыхцкім і Лісабонскім дамовамі. Парламент атрымаў права ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў,  уносіць папраўкі ў прапановы Камісіі і прымаць бюджэт большасцю галасоў.

    Без санкцый за парушэнне права

    Калі б адна з краін Еўразвязу аднавіла без папярэджання кантроль на мытні, Камісія б пачала справу ў судзе. Гэта пагражае вялізнымі штрафамі. У ЕАЭС Калегія Камісіі пазбаўлена права прыцягнуць краіну-парушальніцу да суда. Пры шматпавярховай сістэме  ЕАЭС, Калегія можа адправіць прапанову на вышэйшы узровень.  Там яе сама краіна-парушальнік і заблакуе.

    Да таго ж цяжбы ў ЕАЭС павінны спачатку вырашацца Камісіяй у дасудовым парадку і могуць быць адазваныя ў любы момант. А самі рашэнні суда не прадугладжваюць пакрыццё страт пацярпеламу боку.

    У Еўрасаюзе суд быў прызнаны лакаматывам інтэграцыі. У ЕАЭС яго паўнамоцтвы пакуль значна абмежаваныя, а сапраўднае пакаранне за парушэнне дамовы ЕАЭС адсутнічае.

    Можа рана даваць ацэнку саюзу, што пачаў працу некалькі тыдняў назад, але пакуль еўразійская інтэграцыя нагадвае фіктыўны брак – дзе за эканамічныя выгады Казахстан і Беларусь пагадзіліся стаць саюзнікамі Расіі. Толькі цэны на нафту і нестабільны рубль нагадалі, што “у нас няма ані нязменных саюзнікаў, ані вечных ворагаў” – як казаў брытанскі палітык Генры Тэмпл – “толькі нашы інтарэсы нязменныя і вечныя, і наш абавязак – прытрымлівацца іх”.

    ПаказацьСхаваць каментары