centr_novih_idey_logo-07
Галоўная
Пра Цэнтр

Як кіраваць эканамічнай залежнасцю ад Расіі

ВЫКЛІК

РАШЭННЕ


Апошнія 25 гадоў улады Беларусі з большым ці меншым поспехам дасягалі таго, чаго хацелі ў эканамічнай інтэграцыі з Расіяй: захоўвалі высокія энергетычныя субсідыі і бесперашкодны доступ да яе велізарнага рынку. Гэтыя рэчы, як і сам факт залежнасці ад адной краіны ці багацце натуральных рэсурсаў, не мусіць быць праклёнам.

Трэба проста ўмець правільна распарадзіцца нашымі дачыненнямі з Расіяй.

Ёсць прыклады краін, якія паспяхова скарысталіся ўласнымі геапалітычнымі ўмовамі (як Фінляндыя ў часы СССР) ці геалагічнымі ўмовамі (напрыклад, Нарвегія вельмі разумна адкладае і інвестуе сродкі ад экспарту нафты і газу).

У беларускім выпадку шчодрая аплата Расіяй нашых інтэграцыйных памкненняў дазваляла ўтрымліваць неэфектыўную эканамічную сістэму ў Беларусі без кардынальных структурных рэформаў. Мы мала інвеставалі, а больш праядалі тыя энергетычныя субсідыі і расійскія крэдыты. У выніку мы маем эканоміку моцна залежную ад адной краіны, з якой амаль кожны год маем газавыя, нафтавыя, мясныя, малочныя і іншыя войны, бо мы прывыклі жыць на ігле, і без гэтай падпіткі ўжо не можам нармальна развівацца. Кожны раз, калі Расія збіраецца зменшыць дозу, беларускую эканоміку ліхаманіць.

Пакуль нашыя адносіны залежаць ад палітычных дамоўленасцяў, а не рынкавых механізмаў, такія канфлікты будуць пастаянна.

Прычым ініцыятарам канфлікту можа быць як адзін бок (замала “пацалункаў узамен за нафту”), так і другі бок (замала “бонусаў”).

Таму, пакуль яшчэ ёсць магчымасць, мы павінны выкарыстоўваць добрыя адносіны з Расіяй для павелічэння эфектыўнасці ўласнай эканомікі. Эфектыўнай эканоміцы не будзе страшна ад рынкавых коштаў на энергарэсурсы. Напрыклад, Польшча, Эстонія ці Літва спраўна плоцяць Расіі за нафту і газ, не спасылаючыся на сваё “братэрства”, каб выгандляваць чарговую зніжку.

Энергетычныя субсідыі

Газ

Залежнасць
100 % прыроднага газу Беларусь імпартуе з Расіі.

Стан
Каля 90 % электраэнергіі і цеплавой энергіі ў Беларусі вырабляецца з газу, які Беларусь імпартуе па самай нізкай цане ў Еўропе (пасля ўнутранай цаны для самой Расіі, канешне). Тым не менш кожнае павышэнне коштаў газу вельмі балюча адбіваецца на канкурэнтаздольнасці беларускіх прадпрыемстваў.

Тэндэнцыя
У 2017-ым годзе краіна імпартавала 19 млрд м3 газу – толькі на 11 % больш, чым у 2000-ым. За гэты час наша эканоміка вырасла больш як у чатыры разы. Значыць электра- і цеплазатратнасць эканомікі – спажыванне электрычнай і цеплавой энергіі патрэбнае для вырабу прадукту коштам $ 1 – істотна скарацілася.

Рашэнне

#1
Далейшая мадэрнізацыя эканомікі і змена яе структуры – павелічэнне ў ёй долі сектара паслуг коштам цяжкой прамысловасці і сельскай гаспадаркі будзе натуральным чынам змяншаць попыт на газ.

#2
Планаваная на 2016-2020-ыя гады ліквідацыя субсідыявання паслуг ЖКГ для насельніцтва таксама будзе весці да ашчаднага спажывання газу і электраэнергіі.

#3
Дадаткова ўвод у эксплуатацыю беларускай АЭС у 2019-2020-ых гадах павінен зменшыць гадавы імпарт газу прыкладна на 5,5 млрд м3.

#4

У патэнцыяле застаецца яшчэ развіццё аднаўляльных крыніц энергіі, якія выпрацоўваюць сёння менш за 1 % электрычнасці ў Беларусі. Для параўнання, у 2016-ым годзе ў Еўрасаюзе гэты паказнік склаў 17 % і вырас удвая з 2004-га. Да таго ж EC і міжнародныя арганізацыі-крэдыторы Беларусі (як Сусветны банк ці ЕБРР) гатовыя падтрымліваць такія праекты ў Беларусі.

У выніку да 2030-га года Беларусь можа скараціць імпарт расійскага газу прыкладна на 40-50 % (да 10 млрд м3).

Нафта

Залежнасць
100 % імпартаванай у Беларусь нафты паходзіць з Расіі. Уласная здабыча ў Беларусі складае менш за 1/10 у параўнанні да імпарту.

Стан
У 2017-ым Беларусь імпартавала 18 млн тонаў сырой нафты на ўнутраныя патрэбы эканомікі і для экспарту нафтапрадуктаў, вырабленых з расійскай нафты. Цана сырой нафты для Беларусі складае прыкладна 75 % рынкавай цаны, бо Беларусь не плоціць мыта з яе, а вось мыты на экспартаваныя з Беларусі нафтапрадукты застаюцца ў беларускім бюджэце.

Тэндэнцыя
Насуперак разлікам беларускіх уладаў уступленне Беларусі ў Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС) не прывяло да паляпшэння ўмоваў гандлю нафтай. З аднаго боку, Расія пагадзілася, каб з 2015-га Беларусь пакідала сабе даходы ад мытаў на нафтапрадукты, экспартаваныя па-за межы ЕАЭС. З іншага боку, у 2015-ым Расія аб’явіла аб пакрокавым правядзенні “падатковага манеўру”, які прывядзе да абнулення мытаў на нафтапрадукты і павелічэння падатку на здабычу сырой нафты. У 2018-ым расійская Дзярждума зацвердзіла завяршэнне “манеўру” з 2019-га па 2024-ы – 30-працэнтныя мыты на экспарт нафтапрадуктаў (у тым ліку тыя, якія трапляюць у беларускі бюджэт) будуць паніжацца па пяць працэнтных пунктаў штогод на працягу шасці гадоў, а вось падатак на здабычу нафты наадварот будзе павялічвацца. У выніку з 2024-га Беларусь будзе набываць сырую нафту прыкладна па сусветнай цане, а яе перапрацоўка перастане даваць надзвычайны прыбытак. Адпаведна, аб’ём паставак з Расіі можа скараціцца.

Рашэнне

#1
Прывязанне ўнутранай цаны на бензін да коштаў яе вытворчасці і ліквідацыя праз гэта субсідыявання ўнутранага спажывання нафтапрадуктаў за кошт прыбытковай экспартнай дзейнасці НПЗ.

#2
Планавае завяршэнне мадэрнізацыі НПЗ у Мазыры і ў Наваполацку да канца 2019-га з мэтай давядзення глыбіні перапрацоўкі нафты да 90 % і ўтрымання канкурэнтаздольнасці нафтаперапрацоўкі пры сусветным кошце на сыравіну (у 2017-ым глыбіня перапрацоўкі на “Нафтане” складала 73 %, а на Мазырскім НПЗ – 78 %).

#3
Далейшая мадэрнізацыя эканомікі і змена яе структуры – павелічэнне ў ёй долі сектара паслуг коштам цяжкай прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Гэта будзе натуральным чынам памяншаць унутраны попыт на нафту.

Атамная энергетыка

Залежнасць
Беларусь будуе АЭС на расійскія грошы ($ 10 млрд дзяржкрэдыту і $ 0,5 млрд камерцыйнага крэдыту ад дзяржаўнага “Внешэкономбанка” пакрывае 95 % коштаў праекта), па расійскіх тэхналогіях (“Росатом”) і з расійскім уранам.

Стан
Будова двух энергаблокаў АЭС у Астраўцы агульнай магутнасцю да 2400 МВт набліжаецца да завяршэння. Пад канец жніўня 2018-га гатоўнасць першага энергаблока складала 80 %, другога – 60 %. Паводле абноўленага плана, увядзенне ў эксплуатацыю першага энергаблока адбудзецца да канца 2019-га, а другога – у палове 2020-га.

Рашэнне
У 2018-ым Беларусь падпісала дамову з расійскай кампаніяй “ТВЭЛ” (якая належыць “Росатому”) на пастаўку атамнага паліва на найбліжэйшыя 15 гадоў. У адрозненні ад імпарту газу і нафты пабудова АЭС праходзіць збольшага па рынкавых коштах. Таму тэарэтычна праз 15 гадоў існуе магчымасць набыцця ўрану паводле адкрытага конкурсу. Што добра, для паставак урану не трэба інфраструктуры, як у выпадку газу і нафты, што замінае дыверсіфікацыі паставак. Застаецца пытанне, як прапісаная крэдытная дамова з Расіяй: ці прадугледжвае яна абавязак сплаты крэдыту ў любы момант на жаданне Расіі? Калі так, то адмовіцца ад расійскага ўрану без згоды Масквы не атрымаецца.

Экспарт

Залежнасць
Прыкладна 40 % экспартаваных з Беларусі тавараў набывае Расія.

Стан
З моманту распаду СССР Расія застаецца асноўным імпарцёрам беларускай вытворчасці. У першай палове 2018-га доля экспарту тавараў у Расію склала 39,2 % беларускага экспарту. У асобных галінах эканомікі (прадукты харчавання, машынабудаванне, тэкстыльная і абутковая прамысловасць, вырабы з пластмасы, цэмент) роля Расіі значна большая і даходзіць нават да 95 % (напрыклад, малочная ці мясная вытворчасці).

Тэндэнцыя
Беларускі экспарт быў гістарычна арыентаваны на рынак Расіі ды іншых краін былога СССР. На жаль, за чвэрць стагоддзя беларускай незалежнасці ўлады так і не здолелі паўплываць на памяншэнне гандлёвай залежнасці ад Расіі.

Рашэнне

#1
Уступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю, што стымулявала б улады дастасаваць законы і правілы вядзення бізнесу да міжнародных стандартаў. На жаль, Беларусь з’яўляецца рэкардсменам па часе вядзення перамоваў з СГА – яны пачаліся ў 1993-ым. Аднак толькі з 2015-га бачныя асобныя зрухі. За гэтыя тры гады перамоваў Беларусь зрабіла амаль столькі, колькі за папярэднія 22 гады.

#2
Выходзіць на рынак ЕС і далучацца да глабальных вытворча-збытавых ланцугоў. Гэта варта рабіць перадусім прыватным вытворцам, якія больш канкурэнтаздольныя і больш эластычныя, чым дзяржаўныя прадпрыемствы. Паводле даследавання Сусветнага банка з 2018-га года, прадуктыўнасць працы прыватных фірм на 40 % большая за прадуктыўнасць дзяржпрадпрыемстваў. Таму павелічэнне долі прыватнага сектара ў эканоміцы будзе спрыяць дыверсіфікацыі рынкаў збыту.

#3
Палепшыць палітычныя і эканамічныя адносіны з ЕС, у тым ліку падпісаць дамову аб партнёрстве і супрацоўніцтве – базавы дакумент для двухбаковых адносін. Большасць краін былога СССР падпісалі такі дакумент з ЕС у палове 1990-ых, у тым ліку Расія, Украіна, Малдова, Грузія, Арменія ці Азербайджан. А вось адносіны Беларусі з ЕС базуюцца на дамове, падпісанай паміж СССР і Еўрапейскай эканамічнай супольнасцю ў далёкім 1989-ым. У адрозненні ад больш паглыбленай дамовы аб асацыяцыі з ЕС, падпісанай Грузіяй, Малдовай і Украінай, дамова аб партнёрстве і супрацоўніцтве не супярэчыць правілам ЕАЭС. Дарэчы, пад канец 2017-га Арменія, якая таксама з’яўляецца чальцом ЕАЭС, падпісала з ЕС яшчэ больш цесную дамову – пагадненне аб усёабдымным і пашыраным партнёрстве. І гэта не прывяло да канфлікту з Расіяй.

#4
Спрыяць развіццю экспарту паслуг, у тым ліку ІТ, лагістычных, турыстычных і медычных. У 2017-ым экспарт паслуг склаў $ 7,8 млрд, што ў некалькі разоў болей, чым у 2000-ым. Для параўнання, экспарт тавараў у 2017-ым склаў $ 29,2 млрд. За гэты перыяд экспарт паслуг рос хутчэй, чым экспарт тавараў. У адрозненні ад экспарту тавараў доля Расіі ў экспарце беларускіх паслуг складае каля 25 %, што не з’яўляецца небяспечным паказнікам.

Знешні доўг

Залежнасць
Больш за $ 10 млрд альбо амаль 2/3 знешняга дзярждоўгу Беларусь павінна Расіі.

Стан
1 чэрвеня 2018-га органы дзяржаўнага кіравання Беларусі (урад, органы мясцовага самакіравання і органы падкантрольныя ўраду) былі павінныя: бюджэту Расіі – $ 6,3 млрд і каля 60 млрд расійскіх рублёў ($ 0,9 млрд у пераліку паводле стану на 15.08.2018); Еўразійскаму фонду стабілізацыі і развіцця (доля Расіі ў яго капітале складае 88 %) – $ 2,75 млрд (астатак па двух крэдытах: з 2011-2013-ых гадоў і 2016-2017-ых гадоў); расійскаму дзяржаўнаму “Внешэкономбанку” – $ 0,5 млрд (крэдыт на будову АЭС).

Разам амаль $ 10,5 млрд пазык, залежных ад расійскага кіраўніцтва, і гэтая сума можа павялічыцца за кошт рэалізацыі крэдыту АЭС (пакуль выкарыстана менш за палову з $ 10 млрд дзяржкрэдыту) і новых расійскіх крэдытаў. У планах на 2018-ы год выдача астатніх двух траншаў крэдыту ЕФСР ($ 0,4 млрд), новага дзяржкрэдыту ($ 1 млрд) і магчымы выпуск дзяржаблігацый на Маскоўскім фондавым рынку. Пры тым знешні доўг органаў дзяржаўнага кіравання 1-га чэрвеня складаў $ 16,4 млрд. Такім чынам, доўг непасрэдна ці пасрэдна залежны ад Расіі складае каля 2/3 знешняга дзярждоўгу Беларусі.

Варта памятаць, што акрамя знешняга доўгу органаў дзяржаўнага кіравання ёсць яшчэ ўнутраны дзярждоўг, доўг Нацбанка, доўг, гарантаваны ўрадам, а таксама даўгі дзяржпрадпрыемстваў (негарантаваныя ўрадам). Сярод іх таксама ёсць пазыкі ад расійскіх арганізацый. Напрыклад, частку ўнутранага доўгу (дзяржаблігацыі) набываюць банкі, кантраляваныя расійскім капіталам (“БПС-Сбербанк”, БелВЭБ, “Белгазпрамбанк”, “Альфа-Банк” ці “Банк ВТБ”). А частку знешніх крэдытаў дзяржпрадпрыемствам выдзяляюць расійскія банкі і прадпрыемствы ў форме г. зв. гандлёвага крэдыту. Таму агульная запазычанасць дзяржаўнага сектара Беларусі перад Расіяй яшчэ большая.

Тэндэнцыя
Калі на пачатку “нулявых” Беларусь пазычала ад Расіі нязначныя сумы (напр., $ 175 млн у 2004-ым альбо $ 146 млн у 2005-ым), то цяпер штогадовыя расійскія дзяржпазыкі на парадак вышэй (напр., $ 10 млрд на будову АЭС у 2012-2020-ых, акрамя таго $ 2 млрд у 2013-2014-ых, $ 1,5 млрд у 2015-ым, $ 1,6 млрд ад ЕФСР у 2016-2018, $ 0,7 млрд у 2017-ым).

Рашэнне

#1
Абмежаваць новыя запазычанні, якія ідуць на падтрымку стратных дзяржпрадпрыемстваў.

#2
Падпісаць з МВФ новую крэдытную праграму – крэдыты МВФ таннейшыя за расійскія.

#3
Працаваць над іміджам сярод міжнародных інвестараў, у тым ліку праз далейшую лібералізацыю эканомікі.

#4
Развіваць унутраны фінансавы рынак, які мог бы фінансаваць большую, чым цяпер, частку дзяржпазык (напрыклад, у Польшчы ўнутраны рынак фінансуе каля паловы дзярждоўгу, то бок удвая больш, чым у Беларусі).
На дадзены момант стаўка па расійскіх крэдытах складае прыкладна 3-4 %, тады як стаўка па апошніх еўрабондах, выпушчаных Мінфінам у лютым 2018-га, — 6,2 %. Дамова з МВФ і паляпшэнне бізнес-клімату магло б даволі хутка наблізіць кошт пазык на міжнародных рынках да кошту расійскіх крэдытаў. Тады беларускія ўлады не мусілі б выпрошваць новыя крэдыты ў Маскве.

Уласнасць у эканоміцы

Залежнасць
2/3 усіх прамых замежных інвестыцый у Беларусі – гэта расійскія інвестыцыі.

Стан
Да 1 студзеня 2017-га 57 % усіх назапашаных за часы незалежнасці прамых інвестыцый у беларускую эканоміку ўклалі расійскія інвестары. Калі да гэтага далічыць расійскі капітал, які зарэгістраваны ў іншых краінах (між іншым на Кіпры, у Вялікабрытаніі і Швейцарыі), то расійскіх інвестыцый будзе каля 2/3.

Аднак сума назапашаных расійскіх інвестыцый даволі сціплая – каля $ 10,6 млрд. Да таго ж значная яе частка – гэта рэінвеставаны прыбытак, а не новыя інвестыцыі (як, напрыклад, выкуп прадпрыемства). Таму нельга сказаць пра высокую долю расійскай уласнасці ў Беларусі.

Ёсць толькі некалькі галін беларускай эканомікі, у якіх расійскі капітал займае істотную частку рынку. Расійскія фірмы маюць 100 % акцыяў “Белтрансгазу”, 42,5 % акцыяў Мазырскага НПЗ, 50 % акцыяў МТС і кантралююць пяць банкаў (“БПС-Сбербанк”, Банк БелВЭБ, “Белгазпрамбанк”, “Альфа-Банк” і “Банк ВТБ”), чыя доля ў банкаўскай сістэме Беларусі складае менш за 25 %.

Тэндэнцыя
Апошняя буйная прыватызацыйная здзелка ў Беларусі адбылася ў 2011-ым, калі “Газпром” набыў астатнія 50 % акцый “Белтрансгазу”. За 100 % акцый Беларусь атрымала вельмі добрую цану – $ 5 млрд у 2007-2011 гадах. Гэта амаль палова ад усіх назапашаных расійскіх інвестыцый за гады незалежнасці. З 2011-га ўлады Беларусі не прадалі ніводнага буйнога дзяржпрадпрыемства – ні Расіі, ні каму-небудзь іншаму.

Рашэнне

#1
Паляпшаць бізнес-клімат і імідж краіны, каб інвеставаць у Беларусь маглі не толькі тыя, хто разумее мясцовыя звычаі і хто мае палітычную падтрымку сваёй краіны (напр., Расія, Кітай, Казахстан), але і іншыя міжнародныя інвестары.

#2
Спрыяць развіццю беларускага прыватнага бізнесу, каб рост прыватнага сектара ў эканоміцы адбываўся не толькі дзякуючы прытоку замежнага капіталу.

Пакуль не будзе палітычнай згоды на правядзенне прыватызацыі (а яе пакуль няма), можна не хвалявацца за рост расійскіх інвестыцый у Беларусь. “Братэрская” інтэграцыйная рыторыка не замінае Беларусі даволі эфектыўна адбівацца ад заляцанняў расійскага капіталу.