• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Як выканаць мару Лукашэнкі і падвоіць насельніцтва Беларусі

    Тры крокі да павелічэння нараджальнасці ў краіне.

    Нядаўна кіраўнік Беларусі чарговы раз затурбаваўся дэмаграфічнай сітуацыяй у краіне. Маўляў, беларусаў павінна быць не менш чым 15 млн, а то і ўсе 20 млн (у параўнанні з 9,5 млн сёння). Тады, натуральна, мы сапраўды зажывем.

    Гучыць прыгожа. Аднак рэальнае становішча рэчаў не надта аптымістычнае. І за апошнія 20 гадоў колькасць насельніцтва краіны няўхільна зніжаецца (за выключэннем некалькіх гадоў, але тут існуюць пытанні да афіцыйнай статыстыкі – ці ўлічвае яна ў поўным памеры лічбу тых беларусаў, якія з’ехалі на працу ў іншыя краіны).

    Аб праблемах і агульнай сітуацыі даволі выразна распавялі іншыя прадстаўнікі “Ідэі” тут і яшчэ вось тут. Калі коратка, галоўная праблема ў тым, што колькасць нараджэнняў на адну жанчыну ў краіне складае 1,7, што ніжэй за самаабнаўляльны ўзровень (2,1).

    Дзяржава імкнецца вырашыць праблему з нараджальнасцю, напрыклад дапамагаючы дзецям да трох гадоў штомесячнымі выплатамі. Апроч таго, існуе сямейны капітал, які з’яўляецца прынамсі супярэчлівым рашэннем. Бо тыя ж грошы маглі б запрацаваць ужо сёння, калі б іх уклалі ў цікавыя і больш плённыя праекты.

    Гэта паказвае, што насамрэч улады наўрад ці хочуць сапраўды падвоіць насельніцтва Беларусі. Болей за тое, наўрад ці такое магчыма. 

    Але вось некалькі крокаў, якія могуць дапамагчы змяніць сітуацыю.

    Палітыка актыўнай падтрымкі сям’і

    Цудоўным прыкладам такой палітыкі з’яўляецца Францыя, у якой нараджальнасць была доўгі час ніжэй за ўзровень узнаўлення насельніцтва. Пасля доўгіх эксперыментаў французы прыйшлі да стварэння дыверсіфікаванай сацыяльнай палітыкі.

    Так званы “сямейны пакет” у Францыі прапаноўваў не толькі гнуткую сацыяльную палітыку. Галоўным разуменнем было тое, што нельга ўсіх стрыгчы пад адзін грабянец. Ёсць людзі, якія хочуць трох дзяцей, ёсць тыя, хто аднаго, а таксама тыя, якія хочуць усё жыццё працаваць і не мець дзяцей. Чалавек выразна ведае, чаго ён хоча, і задача дзяржавы падтрымаць яго ў гэтым імкненні, не навязваючы сваю волю.

    У Францыі стварылі ўсю неабходную інфраструктуру: недарагую сетку нянь, якія займаліся нават двухгадовымі і меншымі дзецьмі; зручна арганізаваныя дзіцячыя садкі і школы; годныя па аплаце адпачынкі бацькоў і г.д.

    Напрыклад, для таго, каб бацькі маглі адпачыць, у суботу дзіцячыя садкі працягвалі працаваць.

    Гэта дазваляла маладым бацькам працягваць жыць як пара, і, магчыма, задумацца аб будучым папаўненні сямейства.

    Эканамічны стымул

    Прыклад заходніх краінаў паказвае, што матэрыяльны дастатак не заўсёды звязаны з павелічэннем нараджальнасці. Што да Беларусі, то, напэўна, гэты фактар з’яўляецца важным. Для практычных беларусаў, якія перманентна жывуць у крызісе, важнай з’яўляецца матэрыяльная ўпэўненасць.  

    Сацыяльныя выплаты, звязаныя з нараджэннем дзіцяці, дапамога па дагляду за ім, а таксама сямейны капітал маюць істотнае значэнне. У дадатак можна стымуляваць нараджальнасць халадзільнікамі, як было зроблена ў Расіі. Або пераняць вопыт палякаў з іх праграмай Rodzina 500+, калі дзяржава плаціць сям’і каля $ 135 штомесяц на дзіця, пакуль яму не споўняцца 18 год.

    Гэта важна як для грамадзянаў, так і для самой дзяржавы. Таму што яе развіццё і дабрабыт непасрэдна залежаць ад дэмаграфічнай сітуацыі, бо якія могуць быць перспектывы ў выміраючай нацыі.

    Больш моцная вёска

    Гістарычна сельскае насельніцтва ў Беларусі схільнае нараджаць больш, чым гарадское. Паводле статыстычных дадзеных, павелічэнне гарадскога насельніцтва ў краіне супадае са змяншэннем яго агульнай колькасці.

     

    У Беларусі доля гарадскога насельніцтва даволі высокая (77,1 % у 2015 годзе ў параўнанні з 21 % у 1950) і працягвае расці. На жаль, гарадскія жыхары не спяшаюцца нараджаць шмат. Вёска ў сваю чаргу памірае.

    Таму стварэнне прымальных умоваў для жыцця ў сельскай мясцовасці з’яўляецца ключавым.

    Прычым развіццё вёскі не павінна адбывацца за кошт прымусовага перасялення туды гарадскога насельніцтва. Як мінімум сельскі жыхар не павінен масава імкнуцца з’язджаць у горад. Яму трэба бачыць перспектыву, каб застацца на сваёй зямлі.

    А гэта ўжо прамая задача дзяржавы зрабіць так, каб гэта адбылося. Бо без адраджэння беларускай вёскі вырашыць дэмаграфічную праблему будзе вельмі складана.

    ПаказацьСхаваць каментары