• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Тры крокі да хайповай культурнай дыпламатыі Беларусі

    Гібрыдныя інстытуты, супраца з дыяспарамі і замацаваны ў заканадаўстве стратэгічны падыход не дазволяць дзяржаве сесці ў лужыну.

    У 2017 годзе Беларусь падпісала 11 міжнародных дамоў у сферы культуры, а Дні беларускай культуры прайшлі ў шасці краінах. Аднак на выніковай калегіі Мінкульта высветлілася, што з гэтымі лічбамі ёсць праблемы, напрыклад, частка дамоўленасцяў, што былі дасягнутыя, так і засталася выключна на паперы.

    “Наспела патрэба ў новых ідэях і формах прэзентацыі беларускай культуры ў свеце”, зазначыў міністр культуры Юрый Бондар. Для гэтага ён прапаноўвае ўдасканальваць сайты беларускіх устаноў культуры і перакладаць іх на замежныя мовы, пашыраць прысутнасць у сацыяльных сетках, больш актыўна ўдзельнічаць у міжнародных праектах. Таксама Бондар заклікаў перагледзець падыход да замежных камандзіровак кіраўнікоў арганізацый культуры: яны мусяць мець на мэце заключэнне дамоў з доўгатэрміновым эфектам.

    З такімі прапановамі цяжка не пагадзіцца. Ды і хіба раней замежныя камандзіроўкі афіцыйна былі для адпачынку і нястрымнага шопінгу? У любым выпадку, пералічаных мер недастаткова, каб выбудаваць моцную культурную дыпламатыю, якая патрэбная сёння Беларусі.

    Ад савецкай прапаганды да сучаснай мяккай сілы

    Культурная дыпламатыя – гэта прасоўванне інтарэсаў дзяржавы за мяжой праз мяккае сацыякультурнае супрацоўніцтва. Упершыню тэрмін выкарыстаў прафесар Фрэдэрык Баргхорн у негатыўным сэнсе, калі меў на ўвазе савецкую “маніпуляцыю культурнымі матэрыяламі і кадрамі ў прапагандысцкіх мэтах”.

    Цяпер жа культурную дыпламатыю разумеюць як нармальны інструмент мяккай сілы: абмен мастацтвам і ідэямі сярод народаў, які спрыяе ўзаемаразуменню (палітолаг Мілтан Камінгс) і абарона інтарэсаў краіны праз культуру на міжнародным узроўні – “вызначэнне тых культурных кодаў, якія могуць абараніць нацыю ад варожага паглынання” (эксперт праграмы “Культура і крэатыўнасць” Ануш Беглаян). Апошнія акцэнты асабліва актуальныя для Беларусі.

    Прасоўванне нацыянальнай культуры за мяжой умацоўвае вонкавы вобраз Беларусі як незалежнай краіны з культурнай самабытнасцю, а не нейкай там “White Russia”.

    Тым болей варта займацца культурнай дыпламатыяй ва ўмовах, калі традыцыйныя дыпламатычныя каналы толькі ачунялі пасля перыяду заходніх санкцый (зрэшты, яшчэ не ўсе з іх знятыя, што таксама не дапамагае працы МЗС). Ва ўмовах афіцыйнай напружанасці і насцярожанасці вядуць рэй грамадскія дыпламатычныя ініцыятывы, хай сабе часам і падмацаваныя дзяржаўнай падтрымкай – дастаткова ўзгадаць хоць бы знакамітую пінг-понгавую дыпламатыю ЗША і Кітая.

    Гібрыдныя інстытуты як культурныя амбасадары

    Сусветны досвед паспяховай сістэмнай культурнай дыпламатыі сведчыць, што ёй мусяць займацца гібрыдныя інстытуцыі. Знаёмыя нам прыклады – Гётэ-Інстытут, Брытанская Рада, Польскі Інстытут.

    З аднаго боку, такія ўстановы атрымліваюць арганізацыйна-палітычную падтрымку (а часткова і наўпрост фінансаванне) ад сваіх дзяржаў, каардынуюць сваю дзейнасць з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі (часта кіраўнікі гэтых арганізацый з’яўляюцца і кіраўнікамі культурных аддзелаў амбасадаў). З іншага боку, яны дзейнічаюць у дастатковай ступені аўтаномна, прымаючы самастойныя стратэгіі працы і незалежна знаходзячы фінансаванне (ад розных спонсараў або платных паслуг, накшталт моўных курсаў або адміністравання лінгвістычных экзаменаў).

    Безумоўна, прасцей тым, хто пачынаў даўно і мае, на што абапірацца (напрыклад, як Французскі Інстытут выкарыстоўвае сетку грамадскай арганізацыі “Альянс Франсэз”, заснаванай у 1883-ім годзе).

    Аднак не варта лічыць, што гібрыдныя інстытуцыі культурнай дыпламатыі – выключна гульня для дарослых і заможных.

    Сапраўды, для Беларусі немагчыма імгненна стварыць аналаг той жа Брытанскай Рады, чый прыбытак за 2016-17 год склаў амаль паўтара мільярда даляраў. Аднак цалкам імаверна стварыць нешта больш кампактнае. Напрыклад, як зараз ідзе праца над Украінскім Інстытутам, дзеля чаго ва ўкраінснкім МЗСе быў адмыслова створаны аддзел культурнай дыпламатыі.

    Дыяспары як агенты культурнага ўплыву

    Дыяспары фактычна ўжо з’яўляюцца нефармальнымі амбасадарамі нацыянальных культур. Таму ня дзіва, што менавіта з імі варта супрацоўнічаць дзяржавам, якія зацікаўленыя ў прасоўванні сваёй культуры – і культурнага ўплыву – за мяжу.

    Беларускі МЗС ужо робіць крокі насустрач грамадскаму аб’яднанню беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Аднак на гэтым шляху хапае і перашкодаў: ад патэнцыйных палітычных канфліктаў да простай абыякавасці шмат якіх прадстаўнікоў дыяспары адносна лёсу сваёй пакінутай радзімы:

    эмігранты з’язджаюць з Беларусі не дзеля таго, каб пра яе клапаціцца.

    Аднак калі дыяспары не надта вабіць перспектыва прасоўваць чыста эканамічныя інтарэсы сённяшняй Беларусі, то культура дапамагае знайсці агульную мову. Нават тым, хто не надта любіць беларускія ўлады альбо ніколі не быў на гістарычнай радзіме, досыць часта можа падабацца ўзгадваць сваю нацыянальную кульутру і паважаць свае карані.

    Пэўныя сувязі ў гэтым накірунку ўжо намацаныя. Былы міністр культуры Барыс Святлоў, падсумоўваючы вынікі дзяржаўнай праграмы супрацоўнiцтва з беларусамi замежжа, зазначаў: “Для падтрымкi дзейнасцi створаных культурных цэнтраў за мяжой і грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа перададзена больш за 200 камплектаў нацыянальных касцюмаў, каля 4 тысяч адзiнак лiтаратуры, сувенiрная i iншая прадукцыя”.

    Камплекты нацыянальных касцюмаў, як і прапанова ўвесці “картку беларуса”, – гэта ўсё цудоўна, аднак мусіць падмацоўвацца стратэгічным бачаннем і быць замацавана ў заканадаўстве.

    Стратэгія без факапаў

    Нажаль, як раз стратэгічнага погляду нам і не хапае. А без гэтага нават самыя тыповыя для культурнай дыпламатыі дзеянні могуць не тое што не прыносіць чаканых пазітыўных вынікаў, а наадварот – уносіць разлад і ў без таго складаныя суседскія адносіны.

    Яскравы прыклад – беларускі балет “Вітаўт”, які дэманстраваўся ў Вільні 28 студзеня 2018 года і выклікаў у Літве скандал. У анонсе было пазначана, што спектакль адбудзецца “спецыяльна да стагоддзя незалежнасці Літвы”. Аднак міністарка культуры Літоўскай Рэспублікі Ліяна Руокітэ-Йонсан паспяшалася адхрысціцца ад мерапрыемства і назвала яго “правакацыяй” – “з улікам намаганняў нашых усходніх суседзяў выкарыстоўваць культуру і мастацтва як інструменты мяккай сілы”.

    Устрымаюся ад адзнак адэкватнасці грамадзян сённяшняй Літвы, якія спрабуюць прыватызаваць спадчыну Вялікага Княства Літоўскага.

    Галоўнае тут для нас, што як бы ні было беларуская культура трапіла ў палітычны скандал, які наўрад ці патрэбны.

    Каб такіх факапаў не адбывалася, трэба выпрацоўваць стратэгію культурнай дыпламатыі як частку агульнай дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры. Варта замацаваць у заканадаўстве тры рэчы: стварэнне Беларускага Інстытута, прынцыпы супрацы з дыяспарамі і ўдзел грамадскіх стэйкхолдэраў у гэтых працэсах. Зрэшты, як раз засяродзіцца на распрацоўке дзяржаўнай культурнай палітыкі і падключаць да гэтага грамадскасць міністр Бондар і абяцаў. Каб добрыя памкненні не засталіся на словах.

    ПаказацьСхаваць каментары