• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • #БРСМ агітуе за #АГЛ, але прапаганду не лайкаюць

     Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі мае суполкі ва ўсіх сацыяльных сетках, але не мае ў іх кантэнту для лайкаў, каментароў і рэпостаў.

     
    У сярэдзіне верасня БРСМ пераўтварыў выбарчы слоган Лукашэнкі ў хэштэг #ЗаБудущееНезависимойБеларуси – менавіта гэтак заклікае БРСМ адзначаць фотаздымкі беларускіх дасягненняў у сацсетках. Адзін з удзельнікаў акцыі, напрыклад, паказаў першы гандлёва-забаўляльны комплекс у Жодзіне, а вось другі нагадаў, што Нацыянальная бібліятэка ўваходзіць у топ-50 самых дзіўных будынкаў свету. Аднак праблема і ў змесце “дасягненняў”, і ў тым, хто іх прэзентуе. Пакуль што гэта робяць толькі актывісты афіцыйных суполак БРСМ, а да самой акцыі не далучыўся ніводзін маладзён “з вуліцы”. БРСМ размаўляе з маладымі карыстальнікамі на мове прапаганды і, здаецца, не разумее, як весці дыялог у сацыяльных сетках.

    “УКантакце” і “Фэйсбук”, “Твітар” ды “Інстаграм”: сачыць за БРСМам можна паўсюль

    У красавіку БелТА са спасылкай на Алесю Віннік, якая кіруе працай БРСМ у інтэрнэце, паведаміла, што групы БРСМ “УКантакце” “аб’ядноўваюць 350 тыс. маладзёнаў”, а суполкі ў “Фэйсбуку” – “каля 50 тыс. чалавек” (цікава, але цяпер гэтая навіна адсутнічае на сайце БелТА). Галоўная група БРСМ “УКантакце” сапраўды з’яўляецца дастаткова вялікай – каля 23,5 тыс. карыстальнікаў. Яшчэ больш людзей у мінскай суполцы БРСМ. Карацей, заява пра “УКантакце” выглядае верагоднай.

    Аднак зусім невядома, пра якія паўсотні тысяч чалавек у Facebook казала спадарыня Віннік. БРСМ у амерыканскай сацсетцы ўпадабалі крыху больш за 400 карыстальнікаў. І ўсе яны павінны быць замежнікамі, бо старонку БРСМ вядзе на англійскай мове, але з рускамоўнымі хэштэгамі і са спасылкамі на навіны на рускай мове.

    Дарэчы, у беларускіх камсамольцаў ёсць і свае блогі

    Завёў БРСМ, канешне, і “Твітар”, і Youtube-канал і нават Instagram. Афіцыйны саюз моладзі прапануе таксама скарыстацца фірмовым мабільным дадаткам. Праз яго можна пачытаць апошнія навіны арганізацыі або даведацца пра выбарчыя падзеі. Спампавалі дадатак прыблізна 500 чалавек.

    Канешне, “УКантакце” – самы папулярны сайт Беларусі: менавіта тут, а не ў празаходнім, хіпстарскім “Фэйсбуку”, “жыве” мэтавая аўдыторыя БРСМ і афіцыйных ідэолагаў. Але ж і ва “УКантакце” беларускі “камсамол” не набліжаецца да насамрэч папулярных груп. Толькі ў суполцы Lit.bel, “буфернай зоне беларускай мовы і культуры”, больш за 152 тыс. чалавек, а вось група “Мы за незалежную Беларусь” яднае 64 тыс. карыстальнікаў.

    Да таго ж суполкі БРСМ маюць негатыўную дынаміку. Падчас назірання з 24 верасня да 2 кастрычніка з афіцыйнай групы БРСМ выйшлі амаль паўсотні чалавек! Аднак лепей за ўсе аб неэфектыўнасці анлайн-агітацыі кажа рэакцыя на пасты, апублікаваныя ў суполцы, дакладней, – адсутнасць рэакцыі.

    Анлайн-маналог не працуе

    Толькі за адзін тыдзень, з 24 верасня да 2 кастрычніка, афіцыйная група БРСМ зрабіла 81 пост, але атрымала толькі адзін каментар. Замест дыялогу і абмеркаванняў, для якіх створаныя сацыяльныя сеткі, БРСМ працуе звыкла – праз аднабаковую прапаганду. Аднак яе не каментуюць, неахвотна лайкаюць і рэпосцяць.

    Больш за палову гэтых пастоў (43) распавядалі пра праект “адкрытых дэбатаў” Выбірай.by, а таксама заклікалі маладзёнаў ісці на выбары. Заклікалі прычым самі маладзёны – верагодна, актывісты БРСМ – у кароткіх відэазваротах. Але ж іх аргументы гучаць амаль як знаёмыя афіцыйныя слоганы: на выбары трэба ісці, каб жыць у моцнай і квітнеючай Беларусі.

    БРСМ за здаровую Беларусь, а ты?

    Таму, мабыць, водгукі на відэа “Я іду на выбары, таму што…” не ўражваюць. У сярэднім кожны з 15 такіх відэазваротаў атрымаў 15 лайкаў і толькі каля сямі рэпостаў. Пры гэтым рэпостамі з галоўнай суполкі БРСМ звычайна займаюцца толькі іншыя групы раённых аддзяленняў беларускага “камсамолу”.

    А вось інфармацыя пра “адкрытыя дэбаты” Выбірай.by – яшчэ менш папулярная. Звычайна кожны з 23 такіх пастоў не збіраў больш за пяць лайкаў і двух рэпостаў. Верагодна, маладзёнаў адштурхоўваюць агромністыя пасты, напісаныя штампавым стылем. Напрыклад, падчас дэбатаў пра беларускія тавары:

    “Участники команд дискутировали о востребованности и конкурентоспособности белорусских товаров и услуг, эффективности продвижения национальных брендов в Беларуси и за рубежом, политике импортозамещения, в завершение команды прошли испытание вопросами приглашенных экспертов и зрителей”.

    Самым жа папулярным пастом за тыдзень назіранняў карыстальнікі зрабілі новы і перадвыбарчы кліп Сашы Нема “Я люблю Беларусь”: 176 лайкаў, 60 рэпостаў і адзіны каментар “Я тоже люблю нашу любимую Беларусь!”

    “Ідэя” запрасіла пракаментаваць адсутнасць абмеркаванняў у суполцы БРСМ Ніну Каліту, мадэратара групы. Але да сённяшняга дня яна так і не адказала. Паказальна, але напісаць ва “УКантакце” спадарыні Каліце немагчыма – скантактавацца можна толькі праз электронную пошту. Таксама закрыта для паведамленняў і старонка Алесі Віннік (Яўных).

    rsz_brsm_avatarА вось гэтае фота – на аватары афіцыйнай групы БРСМ “Укантакце”

    “Трэба выходзіць на якасна новы ўзровень працы ў інтэрнэце”

    Гэтак заявіў на пачатку лета намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Бузоўскі. БРСМ выконвае загад, але, хутчэй за ўсё, не ведае, як дасягнуць гэтага ўзроўню. Добры кантэнт цікавіць: карыстальнікі ўзаемадзейнічаюць з ім, рэпосцяць альбо змяняюць яго, напрыклад, ствараюць свае ўласныя мемы, коўбы, каментуюць.

    І справа нават не ў тым, што кіраўнікі суполак БРСМ баяцца перадаваць кантэнт карыстальнікам. Проста няма чаго перадаваць: фармалізм шматгадовых лозунгаў і штампаў не мае падставаў, каб зацікавіць. Даць загад на ўдзел у групе дастаткова лёгка, але кожны раз загадваць ставіць лайкі ці рабіць рэпосты – немагчыма.

    БРСМ можа нават запрашаць у свае відэаролікі барадатых і татуяваных маладзёнаў, якія “робяць правільны выбар”, або карыстацца хэштэгамі, у тым ліку #АГЛ. Аднак змены формы наўрад ці дадуць гэтак чаканую – новую якасць зместу.

    ПаказацьСхаваць каментары