• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Ці стала беларуская дыяспара сілай, якая ўплывае на рэжым?

    Ад лета 2020-га года ледзь не кожны тыдзень у розных гарадах свету праходзяць акцыі беларускай дыяспары ў падтрымку народа Беларусі. Актывісты дыяспары актыўна прасоўваюць беларускае пытанне ў міжнародную павестку, дапамагаюць беларусам, якія вымушана пакідаюць радзіму, спрыяюць працы апазіцыйных дэмакратычных структур за мяжой. Ці ўплывае такая праца на паслабленне пазіцый рэжыму Лукашэнкі? Як адбілася такая дзейнасць на самой дыяспары? 

    Дыяспара як пасярэднік паміж Захадам і апазіцыяй

    Да падзеяў 2020-га года беларуская дыяспара была пераважна нефармалізаванай і дэпалітызаванай. Фармальныя арганізацыі існавалі ў некалькіх краінах і займаліся звычайна культурніцкай дзейнасцю. 

    Часам удзел у такіх культурніцкіх мерапрыемствах, да прыкладу, у Швейцарыі альбо Швецыі, бралі нават прадстаўнікі беларускіх амбасадаў. Гэтыя імпрэзы ладзіліся ў межах дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016-2020 гады. У справаздачы беларускага МЗС праект апісваецца як амбіцыйны і шматвектарны, у яго межах быў створаны Кансультацыйны савет беларусаў замежжа і праведзеныя некалькі сходаў беларусаў свету.  Можна сказаць, што такія мерапрыемствы былі своеасаблівымі праявамі пацяплення ў стасунках паміж рэжымам і дэмакратычным Захадам. 

    Усё змянілася ў пачатку лета 2020-га года. На фоне масавых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі многія дыяспары даволі моцна палітызаваліся і перайшлі ад чыста культурніцкай дзейнасці ў вузкім коле да адкрытай дэманстрацыі сваёй грамадзянскай пазіцыі і салідарнасці з народам Беларусі. Узнікненне “Голасу” нарадзіла ініцыятыву па сумесным міжнародным назіранні за выбарамі на ўчастках за мяжой. У 23 краінах стварыліся групы назіральнікаў, якія сумесна прадставілі затым вынікі экзітполу (які забаронена праводзіць на тэрыторыі Беларусі) беларускім амбасадам, палітыкам за мяжой, медыям і беларусам. 

    Такая актыўнасць паспрыяла пачатку фармалізацыі дзейнасці дыяспар, многія з якіх цягам года зарэгістравалі свае структуры за мяжой, як беларусы Даніі ці беларусы Германіі. Беларусы замежжа сталі не толькі актыўнымі донарамі фондаў салідарнасці, але і чальцамі назіральнай рады па размеркаванню рэсурсаў фонду BySol. 

    Фармалізацыя беларусаў замежжа – важны чыннік у пабудове моцнай дыяспары, якая за апошні год значна вырасла. Па розных падліках, з Беларусі за год з’ехалі каля 110 тыс. чалавек. Гэтая лічба не закранае тых, хто эміграваў ва Украіну ці Расію. Гэта значыць, што падлічыць колькасць беларусаў, якія з’ехалі з радзімы, пакуль не так лёгка, у адрозненне ад тых, хто падаў заяву на прытулак. 

    Агульная колькасць хадайніцтваў грамадзянаў Беларусі аб прытулку ў Еўрасаюзе за перыяд жнівень-снежань павялічылася ўдвая ў параўнанні з аналагічным перыядам 2019-га года і з’яўляецца абсалютным рэкордам для краіны, паведамляе Еўрастат. У Польшчы, паводле афіцыйнай статыстыкі, беларусы займалі першае месца сярод шукальнікаў прытулку ў адрозненне ад папярэдніх гадоў, калі расіяне і ўкраінцы ўзначальвалі рэйтынг.

    Магчымасць дапамагаць эмігрантам апошняй хвалі, усталёўваць фармальныя сувязі з палітычнымі і грамадскімі стэйкхолдарамі ў замежных краінах моцна падвышае статус беларусаў за мяжой і спрыяе таму, што “беларускае пытанне” застаецца заўважным у іншых краінах. 

    Мяккая сіла ўплыву

    Беларуская дыяспара не з’яўляецца галоўным актарам ціску на рэжым, але яе дакладна можна назваць мяккай сілай. 

    Па-першае, праз сваю вулічную і лабісцкую актыўнасць дыяспары маюць прамы і эфектыўны доступ да ўплыву на мясцовых палітыкаў. Так, напрыклад, МЗС Даніі прыняў рашэнне па змене назвы краіны на “Беларусь”, а не “Белая Расія” пасля звароту дацка-беларускага таварыства культуры “Беладанія” восенню 2020-га года (у Швецыі, дзе назву змянілі ў 2019-ым годзе, кампанія доўжылася некалькі гадоў). 

    Шматвектарны ціск на палітыкаў розных краінаў уплывае і на больш хуткае ўвядзенне санкцый, і на павелічэнне колькасці палітыкаў, якія транслююць беларускую павестку ў сваім грамадстве. 

    Таксама дыяспары намагаюцца разрываць сувязі паміж беларускім дзяржаўным і заходнімі бізнесамі. Так, напрыклад, беларусы ў Вялікабрытаніі паспяхова пралабіявалі прыпыненне супрацы паміж British American Tobacco і гродзенскай тытунёвай фабрыкай “Нёман”, якая раней трапіла ў санкцыйны спіс ЗША. Прыклады паспяховага эканамічнага ціску з боку дыяспар – гэта таксама разрыў кантрактаў Amepora і Helm з “Гродна Азот”; адмова шведскай алкагольнай манаполіі Systembolaget ад замовы беларускага шампанскага. 

    Па-другое, шматлікія акцыі пратэсту ў цэнтрах заходніх гарадоў прыцягваюць увагу СМІ, якія выкарыстоўваюць прадстаўнікоў дыяспары для атрымання навінаў з Беларусі. Сёння не толькі беларускія эксперты за мяжой, але і звычайныя актывісты становяцца носьбітамі персанальных гісторый з Беларусі, што моцна падвышае ўвагу да краіны. 

    Па-трэцяе, беларусы замежжа – гэта моўная, рэсурсная, экспертная дапамога для беларускіх дэмакратычных сілаў. Месцы працы, веданне мовы і персанальныя сувязі актывістаў беларускай дыяспары значна аблягчылі і паскорылі эфектыўнасць міжнародных сувязяў штабу Ціханоўскай ды іншых беларускіх палітыкаў. Павал Латушка, напрыклад, ініцыяваў стварэнне Народных амбасадаў Беларусі ў 16 краінах. Гэтым самым палітыкі забяспечваюць сабе якасную падтрымку і дапамогу ў іншых краінах, лёгка наладжваюць сувязі з замежнікамі. 

    Пры гэтым палітызацыя беларусаў за мяжой адбываецца паралельна з дэпалітызацыяй беларусаў у краіне. Зацягнуты палітычны крызіс можа прывесці да дэпалітызацыі дыяспары, што негатыўна адаб’ецца як на звычайных беларускіх грамадзянах, так і на беларускіх дэмакратычных сілах. 

    Ці можа дыяспара паўплываць на рэжым? 

    Беларуская эміграцыя да 2020-га года – гэта ў многім пошук лепшага жыцця. Новая хваля ўцечкі мазгоў з Беларусі можа прывесці да яшчэ большай канцэнтрацыі кваліфікаваных беларусаў за межамі краіны. 

    Масавая ўцечка мазгоў з краіны застаецца недаследаванай і недаацэненай – праблема, якая блякне на фоне палітычных і міжнародных правалаў рэжыму Лукашэнкі. Таму адной з новых функцый дыяспар як звяна, якое злучае беларусаў з Захадам, павінна быць падтрымка гэтых груп беларусаў, якія выязджаюць у ЕС, якія страцілі магчымасць жыць і працаваць у сваёй краіне.

    Ва ўмовах палітычнай дзейнасці з-за мяжы роля дыяспары становіцца больш важнай для захавання бачнасці Беларусі ў медыйнай павестцы і дапамогі беларусам новай хвалі эміграцыі. Пакуль дыяспара не з’яўляецца вырашальным актарам у барацьбе з рэжымам, аднак без дзеянняў беларусаў замежжа ўплыў ЕС і дэмакратычных сілаў быў бы меншым.

    Фота: Dmitrij Leltschuk

    ПаказацьСхаваць каментары