centr_novih_idey_logo-07
Галоўная
Пра Цэнтр новых ідэй

Як карыстацца мяккай сілай Беларусі

Чатыры моцныя бакі, пяць пагрозаў і сем інструментаў яе ўзмацнення.
Вадзім Мажэйка
ВЫКЛІК

Беларускай культурнай дыпламатыі бракуе стратэгіі, патэнцыял мяккай сілы не выкарыстоўваецца напоўніцу

РАШЭННЕ

Паслядоўная праца МЗС і Мінкультуры мусіць уключаць стварэнне гібрыдных інстытутаў, эфектыўнае наладжванне кантактаў з дыяспарай, змаганне з падробкамі і арганізацыю прэс-тураў

Мяккая сіла – апошняя надзея беларускай культурнай дыпламатыі. У нас няма вайсковай альбо эканамічнай моцы, каб прымушаць міжнародных партнёраў садзейнічаць беларускім інтарэсам. У беларускай мяккай сілы ўжо ёсць досыць вялікі патэнцыял, аднак існуюць і перашкоды яе належнаму выкарыстанню.

Што такое мяккая сіла і ў якім сэнсе яна “мяккая”?

Канцэпт мяккай сілы распрацаваны яшчэ ў 1990-я гады, аднак дагэтуль не надта распаўсюджаны і зразумелы ў Беларусі. З-за гэтага мяккая сіла можа ўспрымацца як нейкая непаўнавартасная, і ў выніку яе паспяховаму выкарыстанню і развіццю надаецца недастаткова ўвагі.

Упершыню выкарыстаў і потым распрацаваў тэрмін “мяккая сіла” гарвардскі прафесар паліталогіі Джозэф Най. Ён меў на ўвазе такую канцэпцыю палітычнага ўздзеяння, якое дасягае вынікаў не за кошт выкарыстання наўпроставай грубай сілы, але дзякуючы добраахвотнаму ўдзелу, сімпатыі і прыцягальнасці пэўных ідэй, праяваў культуры. Пры гэтым прафесар Най адносіў мяккую сілу да адной з трох галоўных крыніц уплыву, нароўні з эканомікай і войскам.

Адпаведна, мяккасць – гэта не слабасць, а проста іншы інструмент уздзеяння, часам болей карысны.

Калі правільна карыстацца мяккай сілай, то можна дасягаць сваіх мэтаў без канфліктаў, бо людзі будуць без ціску і прымусу добраахвотна ангажавацца ў тое, што ім цікава і прыемна.

Чатыры моцныя бакі
мяккай сілы Беларусі

#1

Добры імідж беларускай прадукцыі.

Самі беларусы любяць ездзіць па набыткі ў беластоцкі “Ашан” ды віленскую “Ікею”, за што нас неаднаразова крытыкаваў прэзідэнт.

А вось на постсавецкай прасторы аддаюць перавагу менавіта беларускай прадукцыі.

Прыклад таму – крамы беларускіх прадуктаў (і падробак пад іх) у Расіі, Украіне ды нават Азербайджане. Так, згодна з даследаваннямі Еўразійскага банку развіцця, толькі нямецкай якасці ў Расіі давяраюць болей, чым беларускай.

#2

Прыязнае стаўленне суседзяў.

У беларусаў атрымліваецца амаль немагчымае – адначасова захоўваць добрыя адносіны з галоўнымі антаганістамі ў нашым рэгіёне: Расіяй ды Украінай. Так, згодна з сацыялагічнымі даследаваннямі, расіяне не толькі лічаць Беларусь найбольш сяброўскім знешнепалітычным партнёрам, але і хочуць бачыць менавіта беларусаў у якасці замежных студэнтаў і працоўных мігрантаў (больш папулярныя толькі немцы, якія наўрад ці складуць у гэтым канкурэнцыю беларусам). Нават у сферы сусветнага мастацтва расіяне нароўні аддаюць перавагу французскім і беларускім здабыткам.

Украінцы ва ўсім гэтым арыентуюцца пераважна на Еўропу, але гэта не адмяняе добрага стаўлення да Беларусі. На рынку папулярныя самыя розныя беларускія тавары і паслугі, а добрыя адносіны да Беларусі адзначылі 83,6 % украінцаў, апытаных Інстытутам Гаршэніна ў 2016 годзе.

#3

Спартыўная слава.

Беларусь будуе імідж спартыўнай дзяржавы дзякуючы перадусім асабістым жаданням аднаго чалавека. Часам гэта вядзе да вялікіх і не надта рацыянальных выдаткаў – дастаткова ўзгадаць II Еўрапейскія гульні альбо славутыя лядовыя палацы. Ці не варта б змяніць стратэгію – асобнае пытанне.

Аднак маем што маем, і не ўсё з гэтага калючкі – ёсць і ружы. Як сведчыць даследаванне BISS “Мяккая сіла Беларусі ў рэгіёне: ацэнка патэнцыялу”, менавіта спартыўныя спаборніцтвы прыцягваюць найбольшую ўвагу краін-суседзяў да Беларусі. Гэта вядзе да ўсплёску пошукавай актыўнасці ў інтэрнэце і садзейнічае распаўсюду пазітыўнай інфармацыі пра нашу краіну.

#4

Донар бяспекі ў рэгіёне.

Беларусь умела скарысталася ўкраінскім крызісам 2014-га года. Нягледзячы на фармальны статус вайсковага саюзніка Масквы, Мінск не толькі не ўцягнуўся ў канфлікт, але і змог заняць пазіцыю нейтральнай перамоўнай пляцоўкі. Часам гэта вядзе да галавакружэння ад поспехаў, і прадстаўнікі Беларусі пачынаюць прасоўваць занадта грандыёзныя ідэі, накшталт “Хельсінкі 2.0”. Ды і вынікі Мінскіх пагадненняў сумнеўныя, а таемны план Лукашэнкі па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне “Еўропа адпрэчыла, нават у дэталях”, як прызнаўся сам беларускі прэзідэнт.

Тым не меней вакол ідэі мінскай перамоўнай пляцоўкі паўстала паспяховая ініцыятыва “Мінскі дыялог”, з удзелам беларускага прэзідэнта ў Мінску прайшло паседжанне асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, а генсек АБСЕ называе Беларусь правайдарам “добрых паслуг” і “дыпламатычным хабам”.

Пяць пагрозаў
мяккай сіле Беларусі

Назапашаны негатыўны імідж

У далёкім 2005-ым годзе Джордж Буш назваў Беларусь “апошняй дыктатурай Еўропы”, і з таго часу гэты ярлык надзейна прыляпіўся да нас. Прэс-сакратарка беларускага прэзідэнта можа колькі заўгодна распавядаць, што дыктатура – гэта наш брэнд з пазітыўным адценнем, і што ў свеце расце попыт на дыктатуру.

Але, як кажуць у народзе, што дазволена ваяводу, тое не дазволена смуроду.

Да таго ж Беларусь добра ўмее ствараць негатыўныя інфармацыйныя нагоды ды трапляць у скандальныя гісторыі – ад бясконцых рэпрэсій супраць палітычных апанентаў і незалежных журналістаў да будаўніцтва АЭС на мяжы з Еўрасаюзам. Не паляпшае імідж і рэгулярнае выкананне смяротных прысудаў. Нікому не падабаецца і міліцэйскае самавольства – нават Аляксандру Лукашэнку, які нядаўна жорстка выказаўся пра яго. Ніхто не хоча быць затрыманы, да прыкладу, як турысты, якія не ведалі пра сакральнасць помніка гарадавога ў Мінску.

Недахоп досведу і бессістэмнасць працы

Для Беларусі культурная дыпламатыя – справа досыць новая, у той час як іншыя займаюцца гэтым стагоддзямі і ў велічэзным маштабе. Так, напрыклад, Французскі Інстытут выкарыстоўвае сетку грамадскай арганізацыі “Альянс Франсэз”, заснаванай у 1883-ім годзе. А прыбытак Брытанскай Рады у 2016-17 гадах склаў амаль $ 1,5 млрд. У беларускага МЗС няма і не будзе ані гэткіх традыцый, ані бюджэтаў такога ўзроўню.

Да таго ж беларуская міжнародная культурная актыўнасць часам існуе без якой-небудзь заўважнай стратэгіі – “для галачкі”.

Так, напрыклад, у 2017 годзе Беларусь падпісала 11 міжнародных дамоў у галіне культуры, а Дні беларускай культуры прайшлі ў шасці краінах, але потым на выніковай калегіі Мінкульта высветлілася, што частка дамоўленасцяў так і засталася выключна на паперы. Матэрыяльная ж падтрымка замежных культурных цэнтраў і аб’яднанняў беларусаў замежжа можа зводзіцца да “200 камплектаў нацыянальных касцюмаў і каля 4 тысяч адзінак літаратуры”.

Падробкі пад беларускія тавары

Адваротны бок папулярнасці сярод спажыўцоў – любоў махляроў да беларускага брэнда. Напрыклад, на Чарнігаўшчыне ў падпольным цэху ў антысанітарных умовах выраблялі фальсіфікаты беларускай малочнай прадукцыі “з выкарыстаннем адходаў невядомага паходжання”. Магутнасці нелегальнай вытворчасці былі зусім не хатнія: каля тоны ў дзень.

Часам усё не так дрэнна, і пад выглядам беларускіх тавараў прадаюць нешта вырабленае легальна, але ва Украіне: марозіва і варэнікі “Белая бяроза” з Дняпра, маянэз “Нацыянальныя беларускія традыцыі” з Запарожжа, “Белорусский пломбир” з Крапіўніцкага і знакамітыя “Двері Білорусії” з Ковеля. Не бачна, каб Беларусь сістэмна або ў асобных добравядомых выпадках змагалася з такімі несумленнымі практыкамі.

Асабістыя факапы

Мяккая сіла часам закранае вельмі тонкія пытанні, такія як супольная з суседзямі гісторыя. Тут важна не загуляцца, каб не ствараць за ўласны кошт штучных канфліктаў. Тыповы прыклад – гастролі ў Вільні ў 2018-ым годзе беларускага балета “Вітаўт”. Ідэя была быццам добрая: прадэманстраваць суседзям выдатны твор мастацтва на зразумелую ім тэму. У анонсе нават пазначылі, што спектакль адбудзецца “спецыяльна да стагоддзя незалежнасці Літвы”, што адлюстроўвае погляд афіцыйнай Вільні.

Але нешта пайшло не так – замест трыумфу культурнай дыпламатыі атрымаўся гучны палітычны скандал.

Міністарка культуры Літвы назвала балет “правакацыяй” – “з улікам намаганняў нашых усходніх суседзяў выкарыстоўваць культуру і мастацтва як інструменты мяккай сілы”. Вось так высілкі на развіццё культурнай дыпламатыі могуць не тое што атрымацца дарэмнымі, але нават спрацаваць супраць таго, хто гэтак неахайна іх ініцыяваў. 

Амбасадары як гандлёвыя агенты

Беларускія ўлады часам успрымаюць дыпламатаў як каробачнікаў, якія мусяць упіхаць замежнікам самую розную беларускую прадукцыю. “У амбасады паступаюць лісты з інфармацыяй на адной старонцы, у якой значыцца, што на нашых складах знаходзіцца вось столькі штук рухавікоў ці вось столькі штук тэлевізараў, ці вось столькі штук іншых дэталяў. І гэта проста падаецца ў форме штук і асобнікаў. Калі ласка, прадайце ў вашай краіне,” – вось як апісваў сітуацыю былы беларускі амбасадар у Парыжы Павел Латушка.

Рэакцыя на гэта Аляксандра Лукашэнкі – тыповая дэманстрацыя таго, як беларускія ўлады недаацэньваюць мяккую сілу: “Мы паслоў заціснулі, каб прадавалі прадукцыю, а прадаваць жа не хочацца. Хочацца ж, ведаеце, беленькія манжэцікі, беленькія каўнерыкі, сядзець у Францыі і прадстаўляць нейкія палітычныя інтарэсы, займацца балбатнёй і карціны на сценках развешваць, паказваючы гэтым сваю працу”.

Але адмыслоўцы сведчаць, што рост мяккай сілы на 1 % павялічвае і экспарт на 0,8 %.

 

Сем інструментаў,
як узмацніць
мяккую сілу Беларусі

#1

Амбасадары мусяць быць рознабаковымі прадстаўнікамі Беларусі.

Падтрымліваць экспарт і прыцягваць замежныя інвестыцыі, безумоўна, важна, але беларускія амбасады не мусяць ператварацца ў гандлёвыя прадстаўніцтвы савецкіх заводаў, у якіх кульгае ўласны маркетынг. Культурная дыпламатыя мусіць быць важным сумесным напрамкам працы МЗС і Мінкультуры.

#2

Трэба ствараць гібрыдныя інстытуты.

Каб дапамагчы амбасадарам у іх місіі культурнай дыпламатыі, варта будаваць сеткі адмысловых гібрыдных інстытутаў. Такія ўстановы, як Брытанская Рада альбо Польскі Інстытут, маюць фінансавую і арганізацыйную падтрымку сваёй дзяржавы, але ў той жа час дзейнічаюць дастаткова аўтаномна. Гэта дазваляе ім будаваць самастойныя стратэгіі працы, але ў той жа час па патрэбе каардынаваць сваю дзейнасць з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі.

#3

Культурная дыпламатыя – толькі сістэмна і паслядоўна.

Мяккая сіла – гэта не імгненная латарэя: на вынік трэба доўга працаваць, але пры правільнай стратэгіі ён будзе ўстойлівым. Замест аднаразовых непрадуманых акцый, як з балетам “Вітаўт”, варта стратэгічна рухацца крок за крокам.

Неблагі прыклад – праца Беларусі з Кітаем.

Прагрэсіўны амбасадар Кірыл Руды пачаў кампанію па прасоўванні карэктнага іерагліфічнага напісання назвы нашай краіны: жыве 白罗斯, болей ніякай 白俄罗斯 – “Белай Расіі”. У Сіяньскім універсітэце замежных моваў у 2018-ым годзе адбыўся першы набор на аддзяленне беларускай мовы; там жа адкрыты помнік Янку Купале. Нават малодшы сын прэзідэнта, Мікалай Лукашэнка, віншаваў кітайцаў з Новым годам па-кітайску і акампанаваў за раялем кітайскай спявачцы. Праўда, з улікам памераў Кітая гэта пакуль што кропля ў моры.

#4

Выкарыстоўваць патэнцыял дыяспары.

Беларускія эмігранты – гэта не безадказныя дэзерціры, а патэнцыйная крыніца карысных кантактаў за мяжой, сучаснага досведу і нават інвестыцый. Але для ўсяго гэтага трэба ствараць умовы, наладжваць супрацу. Напачатку 2018-га года ад беларускай улады прагучала прагрэсіўная ідэя: выдаваць беларусам замежжа “пасведчанне суайчынніка”, дакумент, які дазволіць структураваць актыўную дыяспару.

На жаль, пакуль не бачна рэальнай працы ў гэтым кірунку.

Але “картка беларуса” – гэта, у любым выпадку, толькі пачатак, трэба ствараць рэальныя эканамічныя стымулы. Напрыклад, Ірландыя плаціць прадстаўнікам дыяспараў грашовую ўзнагароду за кожнае працоўнае месца, створанае дзякуючы прыцягнутым з іх дапамогай замежным інвестыцыям. А Індыя прыцягвае індусаў дыяспары пяцігадовай візай і магчымасцю атрымаць эканамічныя правы як у паўнавартаснага грамадзяніна.

#5

Змагацца з падробкамі.

Беларускай якасці хутка перастануць давяраць, калі пад брэндам нашай краіны і надалей будуць часцяком прадаваць нізкаякасныя лакальныя сурагаты. Варта пераймаць прагрэсіўны досвед Швейцарыі, якая не толькі пільна сочыць за выкарыстаннем свайго брэнда “Swiss Made” за мяжой, але і стварае ўмовы для бізнес-супрацы праз сетку “Swiss Business Hubs”, якія існуюць па ўсім свеце пры амбасадах і генеральных консульствах Швейцарыі. Яны дапамагаюць прадпрымальнікам шукаць дзелавых партнёраў у Швейцарыі, інвеставаць і гандляваць.

#6

Ладзіць прэс-туры.

Замежныя медыі часцяком пішуць пра Беларусь не проста крытычна, але павярхоўна, без разумення мясцовых рэаліяў. Варта не эмацыйна абурацца гэтым, а прафесійна працаваць на паляпшэнне сітуацыі. Прэс-туры мусяць быць не для маргінальных расійскіх журналістаў ды блогераў, а для медыйнікаў вядучых заходніх выданняў. Уражваць гасцей трэба доступам да цікавай інфармацыі і добрымі ўмовамі працы, а не частаваннем чорнай ікрой і бутэлькай гарэлкі ў падарунак. Ну і, безумоўна, недапушчальныя такія інцыдэнты, як улетку ў Брэсце, калі нейкія мужчыны ў цывільным корпаліся ў камп’ютары амерыканскага журналіста, пакуль ён адсутнічаў у гатэлі.

#7

Развіваць уязны турызм.

Адна з прычынаў дрэннага альбо індыферэнтнага стаўлення да Беларусі ў Еўропе, нават у суседніх краінах, – мізэрная колькасць рэальных кантактаў з беларусамі, асабістага досведу падарожжаў. Павелічэнне тэрмінаў бязвізавага знаходжання ў Беларусі для грамадзянаў 73 краін і пашырэнне ды аб’яднанне бязвізавых зонаў на захадзе Беларусі – выдатны крок, які можна толькі вітаць. Для павелічэння транспамежных людскіх кантактаў варта працягваць візавую лібералізацыю, актыўна прасоўваць нашу краіну як турыстычны напрамак і ствараць цікавыя нагоды наведаць Беларусь.