• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Ці здолее Турцыя стаць для беларусаў не толькі традыцыйным месцам адпачынку?

    “Нацыянальнае адзінства” як фактар міжнацыянальнага сяброўства. 

    15-га ліпеня ў Турцыі адзначалася адносна новае свята – Дзень дэмакратыі і нацыянальнага адзінства. Яно было ўсталявана пасля няўдалай спробы ваеннага перавароту ў Турцыі ноччу 15 ліпеня 2016-га года. 

    У размове з карэспандэнтам БЕЛТА пасол Турцыі ў Беларусі Мустафа Азджан, які прыняў удзел у памятным мерапрыемстве ў Доме сяброўства, заявіў, што “нацыянальнае адзінства і маналітнасць грамадства маюць вельмі важнае значэнне для захавання ў краіне згоды, міру і спакою”.

    Якім коштам дасягаецца такая “маналітнасць” і якія рэпрэсіі былі ўжытыя адносна турэцкай арміі і грамадзянскай супольнасці 5 гадоў таму – гэта пасол палічыў за лепшае не згадваць, бо, падаецца, што цяпер перадача вопыту для Беларусі ўжо не з’яўляецца актуальнай.   

    Згодна з дадзенымі ВВС, толькі за 2 гады пасля спробы перавароту былі звольненыя больш за 100 тыс. дзяржаўных службоўцаў. Пасты пакінулі каля чвэрці ўсіх суддзяў і пракурораў. Як гаворыцца ў дакладзе пра рэпрэсіі апазіцыйнай Рэспубліканскай народнай партыі, па меншай меры 5 тыс. прафесараў і навуковых супрацоўнікаў і 33 тыс. настаўнікаў таксама былі пазбаўленыя працы. У зняволенні на той час заставалася больш як 150 працаўнікоў СМІ, а агульная колькасць грамадзян, якія знаходзіліся пад следствам па абвінавачанні ў сувязі з путчыстамі, складала каля 50 тыс. чалавек.

    Рэпрэсіі ў Турцыі крыху закранулі нават нашу краіну: у Мінску спыніла дзейнасць грамадская арганізацыя “Достлук” (“Сяброўства”), якую абвінавацілі ў падтрымцы аўтарытэтнага турэцкага філосафа Фетхулаха Гюлена, якога, у сваю чаргу, прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган прызнаў адказным за спробу няўдалага перавароту. Трэба нагадаць, што паслы Турцыі былі частымі гасцямі і нават суарганізатарамі шэрагу культурных мерапрыемстваў, якія праводзіла ў нашай краіне арганізацыя “Достлук”. Аднак, як гэта часта бывае, палітыка змянілася ў сувязі са зменай “генеральнай лініі” Партыі справядлівасці і развіцця, якая прыйшла да ўлады ў Турцыі ў 2003-ім годзе на чале з Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Да 2014-га года Эрдаган быў прэм’ер-міністрам, а пасля канстытуцыйнай рэформы стаў прэзідэнтам Турцыі, захаваўшы за сабой і кіраўніцтва ўрадам краіны.

    Дарэчы, Эрдаган у ліку першых замежных лідараў павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогай на выбарах 2020-га года, зазначыўшы, што апошні “атрымаў значную падтрымку сяброўскага беларускага народа”. А ўжо ў траўні 2021-га года менавіта Турцыя заблакавала прыняцце заявы НАТА, у якой гаварылася пра “практычныя дзеянні” ў дачыненні Беларусі ў сувязі з пасадкай самалёта Ryanair у Мінску.

    Падобныя крокі не застануцца без увагі беларускага боку. Падаецца, што вельмі хутка мы пачуем пра новыя выгадныя для нашых партнёраў інвестыцыйныя праекты ў Беларусі, а сотавы аператар Life:) можа нават рэалізаваць свае надзеі на атрыманне чарговых прэферэнцый на рынку беларускай мабільнай сувязі. 

    У рамках візіту дэлегацыі Турэцка-беларускага дзелавога савета ў Мінск 16-18-га чэрвеня 2021-га года адбыліся сустрэчы з міністрамі эканомікі, транспарту і камунікацый, намеснікам міністра замежных спраў і старшынёй Прэзідыума НАНБ. Таксама дэлегацыя правяла сустрэчы з прадстаўнікамі Банка развіцця, Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі, кіраўніцтвам некаторых ВНУ. На праведзеных у межах візіту сустрэчах былі разгледжаныя канкрэтныя праекты і прапановы ў інвестыцыйнай, гандлёвай, фінансавай, транспартнай і адукацыйнай сферах. Пасольства Турцыі паведаміла пасля ў сваім прэс-рэлізе: “Мы верым, што ў найбліжэйшы час убачым іх станоўчы ўплыў на прысутнасць у Беларусі турэцкага бізнесу і на ўмацаванне двухбаковай эканамічнай супрацы Турцыі і Беларусі”.

    Дарэчы, згодна з беларускай афіцыйнай статыстыкай, у 2020-ым годзе аб’ём турэцкіх інвестыцыяў у эканоміку Беларусі склаў $ 61,7 млн. (140,5% адносна 2019-га года), у тым ліку прамых інвестыцыяў – $ 58,3 млн. (146,1%). Адначасова назіраецца скарачэнне аб’ёмаў двухбаковага гандлю, прычым з абодвух бакоў, аднак гэта з’яўляецца агульнай тэндэнцыяй у каранавірусную эпоху.

    Верагодна, што ўзаемная зацікаўленасць у развіцці супрацы пры наяўнасці палітычнай волі можа прывесці да таго, што Турцыя будзе асацыявацца ў беларусаў не толькі з традыцыйным месцам адпачынку ці трэцім сотавым аператарам, але і з буйнымі інвестыцыйнымі праектамі, накшталт ужо рэалізаванай раней рэканструкцыі гасцініцы “Мінск” ці адкрыцця “Прэзідэнт-гатэля”. 

    Але адной палітычнай волі не зусім дастаткова. Ці здолее Беларусь у сучасных умовах гарантаваць бяспеку замежных інвестыцый – гэта пытанне, якое сёння актуальнае і для турэцкіх, і для іншых замежных інвестараў.

    ПаказацьСхаваць каментары