• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Ці могуць санкцыі паскорыць вызваленне палітвязняў? Канспект дыскусіі ЦНІ

    Увядзенне новых санкцый набліжае вызваленне палітычных вязняў ці толькі аддаляе яго? Як сітуацыя разгортвалася раней і чым адрозніваецца цяпер? Якія павінны быць умовы, каб рэжым быў гатовы распачаць “гандаль” палітвязнямі, і ці гатовы да гэтага дэмакратычны рух?

    Цэнтр новых ідэй зладзіў анлайн-дыскусію з экспертамі, каб знайсці адказы на гэтыя ды іншыя адказы. Прапануем вашай увазе канспект з гэтага мерапрыемства з галоўнымі думкамі адмыслоўцаў.

    Ці вызваляюць санкцыі палітзняволеных?

    Санкцыйны ціск на беларускія ўлады працягваецца. Пры гэтым хоць новыя санкцыі і ствараюць нязручнасці для Аляксандра Лукашэнкі, тым не менш яны няздольныя дэмакратызаваць Беларусь. Ці значыць гэта, што яны бессэнсоўныя?

    Што на Захадзе звычайна дэкларуецца ў плане мэтаў увядзення санкцый адносна Беларусі:

    1. Стрымліванне рэжыму ад ужывання далейшых рэпрэсій;

    2. Прымушэнне да адмовы ад ужо ўжытых рэпрэсій (напрыклад, выпуск палітзняволеных);

    3. Прымушэнне наладзіць унутраны дыялог з апанентамі

    Пры гэтым эмпірычна часта не заўважна, каб санкцыі працавалі на карысць гэтых мэтаў.

    Наадварот, ёсць думка, што яны часцяком дапамагаюць і стымулююць “набор” як мага большай колькасці зняволеных, каб мець потым магчымасць імі “гандляваць”. Паколькі Беларусь не можа праз сваю эканамічную слабасць адказваць прапарцыйна, а дыпламатычныя шляхі проста скончыліся, то застаецца адказваць унутрыпалітычна: яшчэ больш узмацняць рэпрэсіі, прымаць рашэнні, якія фактычна забіваюць грамадзянскую супольнасць у краіне.

    Да таго ж санкцыі прыводзяць да разрыву і так не самых лепшых адносінаў з Захадам, і ў выніку мы становімся яшчэ больш залежнымі ад Расіі

    Даследчыца Клала Партэла ў сваім артыкуле з 2011-га года паказала, што санкцыі звычайна адыгрываюць другасную ролю і не маюць наўпроставага значэння.

    Беларусь у такім выпадку звычайна прыходзіць у нейкі момант да разумення, што ёй трэба аднаўляць стасункі з ЕС, і тады санкцыі застаюцца проста яшчэ адным залішнім элементам.

    Фантомы 2006-га і 2010-га гадоў

    Адрозненне сённяшняй сітуацыі ад папярэдніх буйных санкцый адносна Беларусі палягае ў тым, што памер рэпрэсій цяпер цалкам іншы. Але нічым іншым, апрача санкцый, ЕС і ЗША больш не могуць ніяк паўплываць на беларускія ўлады. Па-ранейшаму застаецца вызначальная роля Расіі ва ўсім, што тут адбываецца. А пазіцыя расійскага боку не мяняецца, нягледзячы на спадзевы шматлікіх беларусаў.

    Калі пачнецца “вялікі гандаль”?

    Асноўным механізмам, які спрыяў бы дээскалацыі ўнутры краіны або забяспечыў бы выпуск палітзняволеных, санкцыі не з’яўляюцца. Але яны прэзентуюць дадатковы механізм, які робіць рэпрэсіі больш дарагімі і стварае завялікія выдаткі, каб іх ужываць. У такім выпадку санкцыі гралі і будуць граць сваю ролю, у тым ліку і ў адносінах Беларусі з ЕС. Але перабольшваць іх значэнне і ролю таксама не варта.

    Палітзняволеныя з’яўляюцца, бо рэжым адчувае палітычную пагрозу. Адпаведна, і іх выпуск магчымы толькі тады, калі рэжым адчувае сябе спакойна і стабільна.

    Можна прыгадаць 2010-ы год – зняволеных паступова выпускалі, і ў адрозненне ад сённяшняй сітуацыі большасць з іх не мела вялікай палітычнай вагі. Цяпер сітуацыя іншая – крызіс працягваецца, узровень пратэсных настрояў вельмі вялікі, шмат хто са зняволеных разглядаецца як герой, тым больш такія буйныя фігуры як Бабарыка, чый рэйтынг можа быць супастаўным з рэйтынгам Лукашэнкі. Адпаведна, занадта рызыкоўна зараз выпускаць Бабарыку, Ціханоўскага ці Калеснікаву, бо яны могуць істотна змяніць палітычнае поле ў краіне.

    Розніца ёсць і ў паводзінах зняволеных. Ці гатовы яны пісаць звароты да кіраўніка дзяржавы аб сваім памілаванні, каб апынуцца на волі? Пасля 2010-га года была такая опцыя, і шмат хто ёй карыстаўся. Тых, хто не пісаў, звычайна не выпускалі.

    Цяпер такога падыходу масава не бачна. Былі чуткі, што Бабарыку прапаноўвалі выезд з краіны. І калі б ён пагадзіўся, то, верагодна, яго б, можа, і выпусцілі. Магчыма, гэта прапаноўвалі і іншым. Той жа Васкрасенскі выйшаў на волю, бо вырашыў убудоўвацца ўнутр сістэмы і дзейнічаць у яе інтарэсах. Але мы разумеем, што большасць цяпер не гатовая да такіх дзеянняў, і верагоднасць іх выпуску мінімальная.

    Такім чынам, у адрозненне ад 2011-га года цяпер палітычныя лідары, якія знаходзяцца за кратамі, больш папулярныя. Яны менш згодныя супрацоўнічаць з уладамі дзеля свайго вызвалення. Таму санкцыі ў гэтай сітуацыі ўсё ж могуць паспрыяць іх выпуску на волю.

    Санкцыі маюць значэнне дадатковага эфекту.  Калі б іх не было, то і зняволеных магло б быць значна болей.

    ЕС уводзіць санкцыі не для нас ці Лукашэнкі, а для сябе

    Захад мае пасылаць выразны сігнал: калі вы не спыніце рэпрэсій, то ніякага кантакту не будзе. Аргументацыя не можа паўплываць на іх бачанне ролі і значэння санкцый. Цяжка не заўважыць збоку, што найбольшы пік рэпрэсій у 2020-ым годзе прыйшоўся на найлепшы момант у нашых стасунках з Захадам.

    Аргументацыя, што санкцыі кідаюць нас у абдымкі Расіі, для Захаду не настолькі істотная. Наўрад ці той жа ЕС будзе дрыжэць і думаць пра Беларусь: а ці паберагчы нам суверэнітэт і не ўводзіць санкцыі гэтым разам?

    Яны ўводзяць іх для сябе, а не для нас ці Лукашэнкі. Яны паказваюць кошт неканвенцыйных паводзінаў для іншых. Кожны мае ведаць, што калі ён будзе парушаць нормы і законы, то будзе ізгоем.

    Тыя, хто “за”, падыміце руку!

    Санкцыі цяпер чыста сімвалічныя і наўрад ці прывязваюць нас да Расіі. А вось разрыў супрацы з тым жа ЕБРР ці Еўрапейскім інвестыцыйным банкам, ці немагчымасць правядзення інвестыцыйных форумаў як раней, дзе прыцягваліся сотні мільёнаў долараў, – гэта ўжо істотная праблема. Таму палітычны і эканамічны эфект санкцый не такі і адчувальны. Няма сэнсу іх баяцца.

    Узаемадзеянне з Еўропай пагаршаецца не праз санкцыі, а праз імідж Беларусі, які фармуецца дзеяннямі сённяшніх уладаў. Таму нельга перабольшваць як пазітыўнага эфекту санкцый, так і негатыўнага.

    Спытайцеся ў Саннікава ды Зяленскага, ці працуюць санкцыі

    Можна было б спытаць таго ж Саннікава, колькі б ён яшчэ сядзеў за кратамі, калі б пасля падзей 2010-га года не было санкцый? Ды і тая ж цвёрдая пазіцыя Байдэна дапамагла вырашыць напружаную сітуацыю на мяжы Украіны і Расіі.

    Санкцыі – гэта скрайні інструмент, але варта разумець, што цяпер беларускае грамадства пазбаўленае шляхоў да самастойнага паляпшэння сітуацыі.

    Якая рызыка сыходзіць ад кіроўцы Ціханоўскага або грамадзянкі Швейцарыі Хёрст?

    Гэтыя людзі – адныя са шматлікіх нязгодных з тым, каб ваенны патруль зазіраў у ваш мабільны без дазволу, нязгодных, што чалавека можна арыштаваць за бел-чырвона-белую скрынку кампаніі LG або наяўнасць лампадкі ў заплечніку.

    Таму пытанне тут да ўладаў Беларусі, і, на жаль, інструментарый рэакцыі на павышаны гвалт і рэпрэсіі ў беларусаў нізкі.

    Тэзіс пра “не трэба ўводзіць санкцыі, інакш мы збяжым у Расію” – абсурдны. Гэта кажуць ужо дзесяцігоддзямі, але мы нікуды так і не збеглі. Таму санкцыі  – не найлепшы інструмент, але ён адзін з нямногіх, які ёсць у калектыўнага Захаду.

    Умовы і мастацтва перамоваў аб лёсе палітзняволеных

    Санкцыі заўжды суправаджаюцца дакладнымі ўмовамі. Ва ўсе папярэднія гады санкцыі здымаліся, але ўмовы так і не змяняліся. Так, зняволеных выпускалі, у тым ліку і праз не такую вялікую небяспеку для рэжыму. Але ў 2008-ым ці 2015-ым гадах, калі яны здымаліся, была досыць цяжкая знешнепалітычная сітуацыя.

    Мастацтва абмену палітзняволеных на дапамогу ЕС атрымліваецца ў рэжыму Лукашэнкі выдатна і па той прычыне, што ў ЕС чыноўнікі з іх рознымі поглядамі на сітуацыю часта змяняюцца, а ў Беларусі – не.

    Варта таксама памятаць, што паміж еўрапейскімі або амерыканскімі санкцыямі ёсць істотная розніца. Апошнія звычайна значна больш уплываюць на сітуацыю, бо маюць экстэрытарыяльны эфект. Яны б’юць па рэжыме і вельмі балючыя для яго.

    Ці санкцыі прымаюць без нас?

    Эфектыўнасць санкцый залежыць ад іх якасці. І тое, што мы цяпер бачым, сур’ёзнымі санкцыямі назваць нельга. Мы не можам паўплываць на законы палітыкі і жыцця. Парушэнне дамовы заўжды прыводзіць да наступстваў, і яны заўжды будуць у выглядзе пакарання.

    Пытанне ўвядзення або неўвядзення санкцый усё адно вырашаем не мы. ЕС і ЗША проста не могуць іх не ўводзіць. Але мы можам не пладзіць ілюзій у кіраўніцтва краіны, што іх могуць не ўвесці наогул, што яны будуць не такімі істотнымі ды балючымі. Мы можам уплываць і на змест санкцый, і такім шляхам наблізіць пажаданае нам вырашэнне нашай сітуацыі.

    Тэкст паўстаў па выніках мерапрыемства, зладжанага пры супрацы з Фондам імя Фрыдрыха Эберта. Меркаванні, якія прагучалі падчас дыскусіі, ніякім чынам не звязаныя з меркаваннем Фонду. 

    Фота: Politico

    ПаказацьСхаваць каментары